Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі суд арыштаваў уладальніка шахты, дзе загінулі рабочыя


Уласьніка шахты «Ліствяжная», саўладальніка і прэзыдэнта холдынгу «СДС» (Сібірскі дзелавы саюз) Міхаіла Фядзяева затрымалі пасьля допыту па справе аб выбуху, у выніку якога загінуў 51 чалавек

Разам з Фядзяевым затрыманы яшчэ тры чалавекі, сярод іх гендырэктар «СДС-Вугалю» Генадзь Аляксееў, тэхнічны дырэктар кампаніі Антон Якутаў і галоўны інжынэр шахты «Ліствяжная» Анатоль Лабанаў.

Ім прад’явілі абвінавачаньне ў парушэньні патрабаваньняў прамысловай бясьпекі небясьпечных вытворчых абʼектаў і злоўжываньні паўнамоцтвамі ў камэрцыйнай арганізацыі. Сьледзтва будзе прасіць аб абраньні меры стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня ў СІЗА.

Выбух на «Ліствяжнай» раніцай 25 лістапада забраў жыцьці 51 чалавека — 46 шахтароў і 5 ратавальнікаў. Усяго пад зямлёй у момант выбуху былі 285 чалавек.

Згодна з папярэдняй вэрсіяй, шахтары загінулі ад выбуху мэтану і яго наступстваў. Сваякі пацярпелых у аварыі сьцьвярджаюць, што за апошнія гады на шахце «Ліствяжная» былі выяўленыя дзясяткі парушэньняў, аднак кіраўніцтва прадпрыемства не ліквідавала іх, змушаючы гарнякоў працаваць у заведама небясьпечных для жыцьця ўмовах.

Прэзыдэнт холдынгу «СДС» Міхаіл Фядзяеў і гендырэктар «СДС-Вугалю» Генадзь Аляксееў на нарадзе з удзелам прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна 2 сьнежня заявілі аб гатоўнасьці панесьці адказнасьць за гібель людзей на шахце «Ліствяжная».

Аляксееў сказаў, што «вонкавыя фактары афіцыйна паказвалі», што на шахце «усё выдатна». Фядзяеў паведаміў, што яны «ніколі не эканомілі на сродках бясьпекі і абароны, усе неабходныя фінансы заўсёды выдзяляліся, абсталяваньне куплялася самае новае, самае сучаснае». Паводле яго слоў, усё гэта «перакрэсьліў» чалавечы фактар.

Расейскаму мільянэру Міхаілу Фядзяеву належыць 50% акцыяў «СДС-Вугалю». У 2019 годзе выданьне Forbes ацэньвала яго багацьце ў 550 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG