Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 сьнежня: затрымалі дырэктара ІТ-кампаніі і сябра АГП, яшчэ 15 сутак далі пэнсіянэру Шаўковічу


Сілавік, ілюстрацыйнае фота

Перасьлед грамадзян у Беларусі не спыняецца. Цяпер ціск зазнаюць прадстаўнікі ІТ-галіны.

У Беларусі затрымалі яшчэ аднаго топ-мэнэджара ІТ-кампаніі, паведамляе dev.by. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне дырэктара кампаніі Aivitam Дзьмітрыя Досава нібыта за «падпіску і рэпосты».

Мужчына быў падпісаны на адзін з тэлеграм-каналаў, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім», і рабіў зь яго рэпосты. Таксама на сваёй старонцы ў Facebook ён разьмясьціў відэа з пратэстаў жніўня 2020 году.

Дзьмітры Досаў — вэнчурны інвэстар і ІТ-прадпрымальнік. Быў генэральным дырэктарам і сузаснавальнікам кампаніі Humansee Labs, а таксама заснавальнікам праекту The Heroes Media.

У Менску затрымалі сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Сяргеенку

У яго дома адбыўся ператрус, пасьля якога Мікалай быў затрыманы, па словах родных, у сувязі з «удзелам у забароненых суполках у сацыяльных сетках», паведамляе «Вясна».

Падчас ператрусу міліцыянты забралі старыя ўлёткі пра Ўладзімера Някляева (у 2010 годзе Мікалай быў у ягоным выбарчым штабе).

Менскага пэнсіянэра Анатоля Шаўковіча асудзілі на чарговыя 15 сутак

Герой роліка МУС пра «памідоры са сьмятанай» ня выйшаў пасьля месячнага арышту і прабудзе за кратамі яшчэ сама меней 15 сутак.

Як паведамляе «Мэдыязона», 65-гадовага мужчыну пакаралі чарговым арыштам за бел-чырвона-белыя сьцягі — агулам будзе 45 сутак.

Сваякі Анатоля Шаўковіча сказалі журналістам, што яго судзяць за кожны сьцяг паасобку, таму цяжка прагназаваць, колькі агулам прыйдзецца адседзець.

Анатоль Шаўковіч стаў папулярны праз сваю заяву ў «пакаяльным відэа» пра любоў да белага і чырвонага колераў, патлумачыўшы, што проста любіць спалучэньне памідораў са сьмятанай. Гаворка ішла пра нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

Праваахоўныя органы раней заявілі, што мужчына наладзіў у сябе «вытворчасьць пратэставай сымболікі».

Пэнсіянэра затрымалі 11 лістапада, ад таго часу ён застаецца ў турме на Акрэсьціна.

Горадзенца асудзілі за ўдзел у Маршы адзінства на 2 гады «хіміі»

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да 36-гадовага кіроўцы Дзяніса Зубрыцкага, абвінавачанага ва ўдзеле ў Маршы адзінства 6 верасьня мінулага году.

Справу разглядаў судзьдзя Віталь Лабацкі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў пракурор Уладзімер Клішын, інфармуе «Вясна».

Дзяніса Зубрыцкага затрымалі 1 кастрычніка, была абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Да суду яго трымалі ў горадзенскай турме.
Абвінавачаны абараняў сябе самастойна. У яго на ўтрыманьні трое малалетніх дзяцей.

Паводле абвінавачваньня, мужчына браў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула за сабой парушэньне працы транспарту.

Дзяніс Зубрыцкі патлумачыў, што, праяжджаючы па вуліцы Савецкай, убачыў шмат народу, пасьля чаго спантанна вырашыў паўдзельнічаць у сходзе. У раёне моста разам з прысутнымі выйшаў на праезную частку, пасьля чаго накіраваўся ў бок філярмоніі. Неўзабаве да натоўпу пад'ехаў АМАП, пачаліся затрыманьні.

Прадстаўнік абвінавачваньня Ўладзімер Клішын запрасіў для абвінавачанага 2 гады пазбаўленьня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Такое пакараньне і вынес Дзянісу Зубрыцкаму судзьдзя Віталь Лабацкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG