Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Лёндане задаволіў апэляцыю ЗША і дазволіў экстрадыцыю Асанжа


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

Высокі суд у Лёндане задаволіў апэляцыю Міністэрства юстыцыі ЗША на рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі і пастанавіў, што заснавальнік праекту WikiLeaks Джуліян Асанж можа быць экстрадаваны ў Злучаныя Штаты.

Суд прыняў да ўвагі гарантыі належнага абыходжаньня з Асанжам і абароны яго правоў, якія раней падалі ўлады ЗША.

Рашэньне апэляцыйнага суду можа, у сваю чаргу, быць абскарджана ў Вярхоўным судзе Вялікай Брытаніі. Гэта значыць, неадкладная экстрадыцыя Асанжу, які знаходзіцца цяпер у брытанскай турме, не пагражае.

Слуханьні ў справе апэляцыі прайшлі ў лёнданскім судзе ў кастрычніку. Юрысты, якія прадстаўляюць пазыцыю Злучаных Штатаў, падалі, у прыватнасьці, гарантыю таго, што да Асанжа ў амэрыканскай турме ня будуць прымяняцца спэцыяльныя адміністрацыйныя меры, гэта значыць, ён будзе мець права на спатканьні і ня будзе зьмешчаны ў адзіночную камэру. Улады ЗША таксама абяцаюць, што ён ня будзе накіраваны ў турму максымальна строгага рэжыму ў штаце Каларада, калі толькі ня ўчыніць новых правапарушэньняў. Акрамя таго, улады ЗША згодныя з тым, каб Асанж, калі амэрыканскі суд прыгаворыць яго да пазбаўленьня волі, адбываў пакараньне ў Аўстраліі, грамадзянінам якой ён зьяўляецца.

Юрысты Асанжа, а таксама прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі Amnesty International, падчас слуханьняў адпрэчылі гэтыя гарантыі. Яны называюць іх недастатковымі, а таксама ўказваюць на тое, што ЗША пакідаюць за сабой права іх адклікаць. Адвакаты адзначаюць, што раней лекары канстатавалі, што псыхалягічны стан Асанжа такі, што ён можа зрабіць спробу самагубства ў выпадку экстрадыцыі.

У сваім вэрдыкце апэляцыйны суд адхіліў крытыку гарантый, адзначыўшы, што суд ніжэйшай інстанцыі раней адмовіў у экстрадыцыі толькі з прычыны іх адсутнасьці — а зь іх зьяўленьнем перашкода для экстрадыцыі была ліквідавана.

  • У ЗША Асанжу прад’яўлены ў агульнай складанасьці 18 абвінавачаньняў, у тым ліку ў парушэньні заканадаўства аб шпіянажы — у сувязі з публікацыяй WikiLeaks сакрэтных дакумэнтаў розных амэрыканскіх ведамстваў. Праект публікаваў і дакумэнты, здабытыя, як сьцьвярджаецца, расейскімі хакерамі ў межах кампаніі па расейскім умяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, аднак абвінавачваньні з гэтым эпізодам не зьвязаныя. У ЗША заснавальніку WikiLeaks можа пагражаць фактычна пажыцьцёвы тэрмін — больш за 100 гадоў турмы. Прадстаўнікі ўладаў ЗША, аднак, указваюць на тое, што раней па падобных абвінавачаньнях выносіліся адносна мяккія прысуды.
  • Заснавальнік WikiLeaks у 2012 годзе схаваўся ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане, баючыся сваёй экстрадыцыі ў Швэцыю па справе аб сэксуальным гвалце. Швэцыя пасьля адмовілася ад абвінавачаньняў на яго адрас, аднак экстрадыцыі пачалі патрабаваць ЗША. У 2019 годзе Эквадор пазбавіў Асанжа прытулку, і ён быў арыштаваны брытанскімі ўладамі. З таго часу ён знаходзіцца ў турме, а суд разглядае справу аб яго экстрадыцыі. У першай інстанцыі справа завяршылася на яго карысьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG