Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дасьледавалі, як Расея дапамагала Лукашэнку легітымізаваць ягоную ўладу пасьля выбараў у 2020 годзе


Расейскія тэлепрапагандысты.

Украінскія і эстонскія дасьледчыкі вызначылі асноўныя тэмы, якія выкарыстоўвалі расейскія сродкі масавай інфармацыі, каб, з аднаго боку, легітымізаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі пасьля выбараў 2020 году, а з другога, стварыць варожы вобраз Захаду і дыскрэдытаваць любыя прадэмакратычныя рухі.

Дасьледаваньне правяла група аналізу гібрыдных пагрозаў Украінскага крызіснага мэдыя-цэнтру супольна з экспэртамі Эстонскага цэнтру міжнароднага разьвіцьця (Estonian Center for International Development). Экспэрты прааналізавалі ўсе матэрыялы, якія выйшлі ў эфір расейскіх тэлеканалаў з 1 студзеня па 31 сьнежня 2020 году.

Экспэрты вызначылі, што ў расейскіх СМІ цягам 2020 году пераважалі наступныя тэмы:

  • дачыненьні Беларусі і Расеі і іх супольная мінуўшчына;
  • прэзыдэнцкія выбары;
  • пратэсты;
  • пандэмія каранвірусу;
  • затрыманьне прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

У той жа час экспэрты адзначаюць, што высьвятленьне гэтых тэмаў карэгавалася ў залежнасьці ад мэтаў, якіх хацелі дасягнуць расейскія СМІ.

Экспэрты адзначаюць, што тэма выбараў у Беларусі пачала актыўна фігураваць на расейскім тэлебачаньні толькі пасьля рэзананснай інфанагоды — затрыманьня «вагнэраўцаў». Да 7 жніўня каналы не паведамлялі пра мітынгі, арышты, сутычкі зь міліцыяй і выключэньне мабільнага інтэрнэту.

«Да пачатку пратэстаў расейскія мэдыя не выказвалі аніякай зацікаўленасьці ў выбарчым працэсе, імаверна, палічыўшы фармальную перамогу Лукашэнкі прадугледжанай, і абміналі любыя тэмы, зьвязаныя з назапашваньнем і дэманстрацыяй грамадзкай незадаволенасьці ў Беларусі», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

Паводле дасьледаваньняў, 38 % матэрыялаў аб пратэстах падаваліся як спробы Захаду ўсталяваць сваё кіраваньне ў Беларусі, у іншых выпадках прасоўваліся наратывы аб арганізацыі пратэстаў за мяжой, а таксама, што «пратэсты малаколькасныя і неэфэктыўныя, парушаюць закон».

Асаблівае месца адводзілася матэрыялам, у якіх сьцьвярджалі, што «Расея абмяркоўвае сытуацыю ў Беларусі зь іншымі краінамі», «улада Беларусі гатовая да канструктыўнага дыялёгу, але ня з вуліцай», а таксама аб тым, што «Расея не дазволіць іншым краінам умешвацца ў справы Беларусі».

«На наступны дзень пасьля выбараў на тэлебачаньні РФ зрабілі ўсё магчымае для легітымізацыі іх вынікаў: каб запэўніць, што Лукашэнка перамог сумленна і дэмакратычна (40% эфірнага часу). Так, толькі за адзін дзень зьявілася 30 сюжэтаў пра перамогу Лукашэнкі, 10 сюжэтаў пра адсутнасьць парушэньняў ды 8 сюжэтаў аб прызнаньні вынікаў выбараў з боку РФ ды Пуціна», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

У далейшым расейскія вядоўцы ды экспэрты пачалі апэляваць да афіцыйнай пазыцыі такіх аўтарытарных дзяржаваў, як КНР, Расея і Казахстан, лідэры якіх павіншавалі самаабвешчанага прэзыдэнта з перамогай. Пры гэтым масавае непрызнаньне заходнімі краінамі фальсыфікаваных вынікаў разглядалася як варожы крок, які толькі падмацоўваў тэзу пра спробы ўсталяваць «вонкавае кіраваньне».

«Вынікі дасьледаваньня чарговы раз падкрэсьліваюць сыстэмны характар расейскай дэзынфармацыі ды выкарыстаньня падкантрольных Крамлю тэлеканалаў для фармаваньня спрыяльнага рэжыму парадку дня. Для такога парадку скразною ёсьць антызаходняя рыторыка, дыскрэдытацыя прадэмакратычных рухаў, стварэньне дыхатаміі між агрэсіўным Захадам і Расеяй як надзейным партнэрам, „братнія“ стасункі зь якім зьяўляюцца гістарычнымі і дазваляюць Маскве прэтэндаваць на лідэрскую ролю ў адносінах паміж дзьвюма краінамі», — адзначаюць экспэрты.

Паводле іх, ва ўмовах, калі ні расейскія, ні беларускія дзяржаўныя СМІ ва ўмовах рэпрэсій супраць незалежных журналістаў ня могуць служыць крыніцай аб’ектыўнай інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі, вельмі важна падтрымаць любыя грамадзкія і журналісцкія ініцыятывы ў Беларусі.

Цалкам дасьледаваньне, падрыхтаванае на беларускай мове, можна прачытаць тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG