Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся зьвесткі пра ператрусы ў былых назіральнікаў на выбарах 2020 году; актывісты лічаць, што гэта зьвязана з рэфэрэндумам


Мікрааўтобусы сілавікоў, у якіх яны езьдзяць на ператрусы. Архіўнае фота.

Свабодзе стала вядома некалькі фактаў ператрусаў у былых назіральнікаў на выбарах прэзыдэнта 2020 году.

Ператрус у былой назіральніцы адбыўся ў Менску. Тэхнікі не забралі, але далі падпісаць нейкую паперу, ня даўшы яе прачытаць.

Сілавікі былі карэктнымі, паверылі на слова, што няма сымболікі. Прыходзілі 6 чалавек, зь іх адзін амапавец з аўтаматам.

Таксама ў Менску амапаўцы шукалі назіральніка на выбарах прэзыдэнта 2020 году ў кватэры, якую той здымаў 6 гадоў таму.

Ёсьць зьвесткі і пра іншыя падобныя факты ператрусаў у былых назіральнікаў на выбарах.

Пра хвалю рэпрэсій Свабодзе паведаміў таксама адзін з назіральнікаў:

«Пішу як назіральнік на выбарах-2020, нумару ўчастку не называю, каб не падстаўляць сябе і іншых. У пачатку тыдня атрымаў на пошту паведамленьне ад ZUBR, што прыходзяць зь ператрусамі (выдаліў на ўсялякі выпадак і адпісаўся ад „экстрэмісцкіх каналаў“, бо не зьбіраўся зьяжджаць з дому). Паказваюць ордэр, задаюць пытаньні, просяць падпісаць нейкія паперы. Гісторыі розныя, у асноўным, калі чалавек дома, забіраюць тэлефон», — напісаў ён, удакладніўшы, што дзеля бясьпекі з кватэры ўсё ж зьехаў.

Па яго словах, спачатку затрымлівалі толькі тых, хто падаваўся ў назіральнікі ад Праваабарончага цэнтру «Вясна», а цяпер прыходзяць увогуле да ўсіх назіральнікаў.

Абагульненая карціна, паводле чытача Свабоды, выглядае наступным чынам:

  • Канфіскоўваюць тэхніку, задаюць пытаньні кшталту «ці былі на акцыях, чаму пайшлі назіральнікам, ці фінансуюцца пратэсты, ці ёсьць забароненая сымболіка». Прыходзяць у асноўным раніцай на месца прапіскі ці да бацькоў, кагосьці забіраюць. Прымушаюць падпісваць дакумэнты незразумелага зьместу.
  • У першую чаргу прыходзяць да актывістаў, назіральнікаў і валянтэраў, але таксама да тых, хто ня так даўно прыехаў з-за мяжы, хто нядаўна атрымаў 24.23, хто затрымліваўся больш за два разы па 23.34.
  • У другую чаргу да тых, хто затрымліваўся хоць бы раз па «народным артыкуле».
  • У трэцюю чаргу — да «выпадковых людзей», нават калі пра іх няма інфармацыі ў базах МУС.


«Ёсьць зьвесткі, што выпісана вялікая колькасьць ордэраў на ператрус, а таксама інфармацыя аб затрыманьнях ва Ўруччы ўдзельнікаў самакіраваньня, — піша далей назіральнік. — Гэта адбываецца ўжо чацьвёрты дзень, а ў СМІ ніякай інфармацыі. Ёсьць дзьве вэрсіі: або гэта новая маштабная хваля рэпрэсій і людзі настолькі запалоханыя, што баяцца нешта расказваць (у тым ліку таму, што далі падпіску), або часткова інфармацыю распаўсюджваюць спэцслужбы, каб запалохаць, а затрыманьняў насамрэч менш, чым здаецца».

Тым ня менш з улікам ужо вядомых выпадкаў ператрусаў і затрыманьняў, а таксама масавых звальненьняў ва ўнівэрсытэтах і ліцэях суразмоўца называе сытуацыю «патавай».

Акрамя таго паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», пачынаючы ад 1 сьнежня, больш як у двух дзясяткаў валянтэраў арганізацыі адбыліся ператрусы. Многіх пасьля гэтага затрымалі, дапыталі, прымусілі даць падпіскі аб неразгалошваньні інфармацыі.

На думку актывістаў, ператрусы ў валянтэраў і назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году маюць мэту запалохаць актывістаў і не дапусьціць, каб беларусы даведаліся, што адбудзецца на выбарчых участках падчас рэфэрэндуму.

«ГУБАЗіК пачаў запалохваньні, прапаганда трансьлюе хлусьню па дзяржканалах, адбываюцца іншыя маніпуляцыі. А гэта значыць, што мы ўсё робім правільна, дэмакратычныя сілы выбралі дакладную стратэгію дзеяньняў на „рэфэрэндум“. Рэжым баіцца актывізацыі грамадзян і робіць розныя подласьці, каб запалохаць беларусаў. Бо ведаюць: нават пасьля масавых арыштаў і вымушанага ад’езду тысяч людзей яны ў меншасьці і трымаюць захопленую ўладу толькі дзякуючы зброі і гвалту», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве актывістаў.


Канстытуцыйны рэфэрэндум заплянаваны на люты 2022 году, канкрэтнай даты яшчэ няма. Праект нібыта падрыхтаваны, але на грамадзкае абмеркаваньне яго так і ня вынесьлі.

Што абяцае Канстытуцыйная камісія

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае БелТА.

Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён.

Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня».

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы па зьмене асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
  • Да 1 жніўня гэтага году камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
  • «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
  • Ён падкрэсьліў што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG