Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцаў Граблеўскага і Драздоўскага ўганароўваюць прэміяй Front Line Defenders. ВІДЭА


Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі
Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі

Цырымонія праходзіць онлайн.

Супрацоўнікі Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі сярод шасьці ляўрэатаў прэміі Front Line Defenders Award.

Арганізатары адзначаюць, што прэміі прысудзілі праваабаронцам, якія паказалі высокую трываласьць пры працы ў няпростых умовах перасьледу і прадэманстравалі неймаверныя мужнасьць і надзею. Сяргей Драздоўскі — заснавальнік Офісу, Алег Граблеўскі — юрыст арганізацыі.

Арганізацыя аказвае юрыдычную дапамогу і садзейнічае правядзеньню кансультацый аб правах людзей з інваліднасьцю, выступае за зьмены ў заканадаўстве, праводзіць дасьледчую і асьветніцкую дзейнасьць, каб грамадзяне маглі больш даведацца пра людзей з інваліднасьцю ў Беларусі.

У лютым 2021 году двух праваабаронцаў затрымалі і дапыталі ў Сьледчым камітэце. Пасьля допыту Граблеўскага затрымалі, а Драздоўскага зьмясьцілі пад хатні арышт. У ліпені абодвух выпусьцілі з-пад арышту пад паручальніцтва, сьледзтва супраць іх яшчэ працягваецца.

Акрамя беларусаў, прэмію сёлета прысудзілі праваабаронцам з Камбоджы, Палестынскай аўтаноміі, Сьера-Леонэ, Партугаліі і Бразыліі.

Што важна ведаць пра ляўрэатаў

Сяргей Драздоўскі — дырэктар праваабарончай установы «Офіс правоў людзей з інваліднасьцю» (цяпер ліквідаванай). Алег Граблеўскі — юрыст гэтай установы.

Іх затрымалі 3 лютага 2021 году. Драздоўскага 6 месяцаў трымалі пад хатнім арыштам, Граблеўскага — у СІЗА. 31 ліпеня ім зьмянілі меру стрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе.

Іх абвінавацілі ў махлярстве, учыненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209).

Па вэрсіі ведамства, атрыманыя імі сродкі з ААН выдаткоўваліся на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, «якія не зьяўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту».

У схеме нібыта бралі ўдзел дырэктар Офісу ў правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі. Раней міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей западозрыў Прадстаўніцтва ААН у «нямэтавым выкарыстаньні фінансавых сродкаў, якія прызначаліся для аказаньня юрыдычнай дапамогі асобам з інваліднасьцю або ахвярам хатняга гвалту».

Сталая прадстаўніца ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкая заявіла, што ўсе абвінавачаньні абсалютна беспадстаўныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG