Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырасьце час у чэргах. Польскія перавозчыкі адрэагавалі на рашэньне беларускіх уладаў заплямбаваць іх фуры


Ілюстрацыйнае фота

Польскія і літоўскія фуры абавязалі мець транзытныя плёмбы, калі яны едуць па тэрыторыі Беларусі.

Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Польшчы папярэджвае: чэргі на польска-беларускай мяжы могуць яшчэ больш вырасьці з-за таго, што на пункты пропуску ў Беларусі на фуры з таварам пачнуць устанаўліваць навігацыйныя плёмбы.

Пра гэта Zerkalo.io паведаміла прадстаўніца арганізацыі Ганна Бжэзіньска-Рыбіцка.

«Мы лічым, што гэта дрэнная навіна для польскіх перавозчыкаў, якія працуюць у гэтым кірунку. Кампаніі панясуць дадатковыя выдаткі на плёмбы, патрацяць час у чарзе для іх атрыманьня, мытную ачыстку», — сказала супрацоўніца асацыяцыі.

Акрамя таго, што ўрад удвая падняў тарыф на паслугі ўстаноўкі плёмбы і яе адсочваньня — да 10 базавых велічынь (290 рублёў) — таксама польскія перавозчыкі прадракаюць новы транспартны каляпс.

Па іх словах, плёмбы могуць быць недаступныя для вялікай колькасьці перавозчыкаў у момант іх прыбыцьця на пункт пропуску ў Беларусі. Таму час у дарозе можа істотна павялічыцца.

Цяпер на выезьдзе зь Беларусі стаяць звыш 5 тысяч фур, кіроўцы праводзяць у чэргах па 5 сутак ці нават больш. Прыкладна аналягічная сытуацыя назіраецца ў адваротным кірунку.

Урад Беларусі прыняў пастанову, згодна зь якой усе тавары, што ўвозяцца аўтатранспартам з Польшчы ў Беларусь, у абавязковым парадку павінны аснашчацца спадарожнікавымі навігацыйнымі плёмбамі. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Раней плёмбы сталі абавязковымі пры ўезьдзе з тэрыторыі Літвы.

Гэта ня тычыцца грузаў, якія ідуць транзытам празь Літву з Калінінграда ў Расею, а таксама цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў, праезд якіх прадугледжвае наяўнасьць адмысловага дазволу.

Пад гэтую пастанову ўлады Беларусі ўдвая паднялі тарыфы на паслугі ўстаноўкі плёмбы — замест 145 рублёў плёмба і яе ўстаноўка цяпер каштуюць 290 рублёў. Іх ставяць мытныя органы або нацыянальны апэратар ТГА «Белнафтагаз» пры ўезьдзе ў Беларусь у пунктах пропуску.

Міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў напярэдадні расказаў, што ўрад плянуе рэалізаваць праекты ў сфэры імпартазамяшчэньня на $9 млрд ва ўмовах заходніх санкцый. Таксама дзяржава ўвяла абмежаваньні на шэраг заходніх тавараў.

Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП.

  • 2 сьнежня ЭЗ увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый.
  • Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвяло абмежаваньні ў адносінах да дзяржаўных даўгавых папер Беларусі, забараніўшы апэрацыі з новымі даўгавымі абавязаньнямі рэспублікі, выпушчанымі пасьля 2 сьнежня, з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён.
  • Акрамя гэтага, з прычыны міграцыйнага крызісу і ціску на грамадзянскія свабоды ў рэспубліцы ў санкцыйныя сьпісы былі ўнесены 20 фізычных і 12 юрыдычных асоб, а таксама тры паветраныя судны.
  • Пра далучэньне да дадатковых амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый абвясьцілі таксама ўлады Вялікай Брытаніі і Канады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG