Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увесь польскі транспарт, які вязе тавары ў Беларусь, ад сёньня мусіць мець навігацыйныя плёмбы


Ілюстрацыйнае фота

Цана навігацыйных плёмбаў узрасла ўдвая. Польскія фуры абавязалі мець іх сьледам за такім жа рашэньнем адносна літоўскіх.

Урад прыняў пастанову, згодна зь якой усе тавары, што ўвозяцца аўтатранспартам з Польшчы ў Беларусь, у абавязковым парадку павінны аснашчацца спадарожнікавымі навігацыйнымі плёмбамі. Адпаведны дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Раней плёмбы сталі абавязковымі пры ўезьдзе з тэрыторыі Літвы.

Гэта ня тычыцца грузаў, якія ідуць транзытам празь Літву з Калінінграда ў Расею, а таксама цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў, праезд якіх прадугледжвае наяўнасьць адмысловага дазволу.

Пад гэтую пастанову ўлады Беларусі ўдвая паднялі тарыфы на паслугі ўстаноўкі плёмбы — замест 145 рублёў плёмба і яе ўстаноўка цяпер каштуюць 290 рублёў. Іх ставяць мытныя органы або нацыянальны апэратар ТГА «Белнафтагаз» пры ўезьдзе ў Беларусь у пунктах пропуску.

Міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў напярэдадні расказаў, што ўрад плянуе рэалізаваць праекты ў сфэры імпартазамяшчэньня на $9 млрд ва ўмовах заходніх санкцый. Таксама дзяржава ўвяла абмежаваньні на шэраг заходніх тавараў.

Раней эканамісты BEROC ацэньвалі страты ад чатырох абмежавальных пакетаў прыблізна ў 6% ВУП на працягу двух-трох кварталаў пасьля пачатку іх дзеяньня, а ў далейшай пэрспэктыве — аж да 10% ВУП.

  • 2 сьнежня ЭЗ увёў у дзеяньне пяты пакет санкцый у дачыненьні да Беларусі, у яго ўключаны 17 фізычных асоб і 11 арганізацый.
  • Міністэрства фінансаў ЗША таксама ўвяло абмежаваньні ў адносінах да дзяржаўных даўгавых папер Беларусі, забараніўшы апэрацыі з новымі даўгавымі абавязаньнямі рэспублікі, выпушчанымі пасьля 2 сьнежня, з тэрмінам пагашэньня больш за 90 дзён.
  • Акрамя гэтага, з прычыны міграцыйнага крызісу і ціску на грамадзянскія свабоды ў рэспубліцы ў санкцыйныя сьпісы былі ўнесены 20 фізычных і 12 юрыдычных асоб, а таксама тры паветраныя судны.
  • Пра далучэньне да дадатковых амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый абвясьцілі таксама ўлады Вялікай Брытаніі і Канады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG