Як паведаміў «Эўрарадыё» Аляксандар Сацук, брат журналіста, падчас ператрусу сілавікі канфіскавалі тэлефоны і ноўтбукі.
Сайт «Ежедневника» ej.by не адкрываецца ні з тэрыторыі Беларусі, ні з-за мяжы.
«За некалькі дзён да таго „Ежедневник“ пачаў праект пра беларускіх „тэрарыстаў“. Магчыма, новы ціск на партал зьвязаны менавіта з гэтым. А магчыма, проста прыйшла чарга», — пракамэнтаваў Аляксандар Сацук.
Раней Сяргея Сацука затрымлівалі за сэрыю расьсьледаваньняў па фактах карупцыі ў мэдычнай галіне.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:
- «Белсат»
- «Беларускі партызан»
- «Наша Ніва»
- Радыё Свабода
- Ex-press.by
- By.tribuna.com
- Tut.by
- «Брестская газета»
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў