Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 сьнежня: «Сьвета, я вас люблю!». 2 гады хіміі за прызнаньне ў любові да Ціханоўскай


Суд у Віцебску. Архіўнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў за 7 сьнежня.

47-гадовага жыхара Ляхавіцкага раёну Аляксандра Плескацэвіча асудзілі на 2 гады «хіміі» за чырвона-белыя надпісы і прызнаньне ў любові Сьвятлане Ціханоўскай на апорах ліній электраперадач.

Плескацэвіча прызналі вінаватым па частцы 1 і частцы 2 артыкула 339 КК РБ («Хуліганства»). У СІЗА ён знаходзіўся з 18 верасьня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле матэрыялаў справы, Плескацэвіч нанёс надпісы і малюнкі белага і чырвонага колераў на апоры ліній электраперадач, электрычны шчыток і сьцяну будынка Куршынавіцкага фэльчарска-акушэрскага пункту. Адзін з надпісаў быў прысьвечаны Сьвятлане Ціханоўскай: «Сьвета, я вас люблю!».

«Пасьля гэтага абвінавачаны, дзейнічаючы з выключным цынізмам, нанёс бел-чырвона-белыя малюнкі на тры драўляныя крыжы, усталяваныя ля дарогі пры ўезьдзе ў вёску, чым зьдзекаваўся з хрысьціянскіх сымбаляў», — гаворыцца ў абвінаваўчым заключэньні.

У Віцебску далі «хімію» былому міліцыянту за абразу ўчастковага

Жыхара Віцебску Аляксандра Жалязоўскага пакаралі трыма гадамі «хіміі» і штрафам у 1000 рублёў за «абразу ў інтэрнэце» ўчастковага з Бабруйску. Судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Сяргей Будрэвіч цалкам задаволіў прашэньне пракурора і пацярпелага міліцыянта, паведамляе @belsat.

Улетку 2020 году Жалязоўскі пад фота супрацоўніка ў сацсетцы «Одноклассники» пакінуў камэнтар: «У него на лбу написано — мразь конченая».

Аляксандар Жалязоўскі сам былы міліцыянт. У сакавіку 2021 году яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці «за пратэставую сымболіку».

На журналістку завялі крымінальную справу нібыта за датычнасьць да каналу «Карнікі Беларусі»


Былая журналістка «Эўрарадыё» Юлія Матузава паведаміла аб крымінальнай справе за датычнасьць да тэлеграм-каналу «Карнікі Беларусі». Сама яна цяпер за межамі краіны.

7 сьнежня ў доме яе бацькоў адбыўся ператрус. На падставе якога канкрэтна артыкула пачатая справа, не ўдакладняецца — пастанову фатаграфаваць забаранілі.

«Раптоўна а 8-й раніцы да бацькоў у Наваполацку прыйшла міліцыя. Маўляў, супраць вашай дачкі пачалі крымінальную справу за дачыненьне да каналу „Карнікі Беларусі“. Я на яго не была нават падпісаная!» — расказала Юлія Матузава «Мэдыязоне».

З журфаку Юлію разьмеркавалі ў газэту «СБ. Беларусь сегодня». А зь мінулага году і да сёлетняга лістапада яна працавала ў рэдакцыі «Эўрарадыё».

22 сакавіка тэлеграм-канал «Карнікі Беларусі» ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Салігорскага актывіста Паўла Батуева прывезьлі з ІЧУ на ператрус

«У Паўла ў аўторак ідуць новыя ператрусы, дома і на другой кватэры, — паведамляюць у сацсетках ягоныя сябры. — На вобшукі прывезьлі яго самога з ІЧУ. Цэлы, дзякуй богу».

26 лістапада салігорскага актывіста Паўла Батуева асудзілі на 15 сутак нібыта за супраціў міліцыі. Яго затрымалі 23 лістапада, калі ён ішоў па дачку ў садок. У той жа дзень у ягонай кватэры і ў кватэры бацькоў прайшоў ператрус. Казалі, што гэта зьвязана з крымінальным артыкулам за абразу.

Праз тры дні мужчына ня выйшаў на волю. Дома ў Батуева паўторна правялі ператрус.

Увечары сьледчы паведаміў сям’і, што Паўлу далі 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле — нібыта за супраціў міліцыі. Наконт таго, каб яму выставілі абвінавачаньне, нічога не вядома.

Суткі Паўла Батуева заканчваюцца ў суботу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG