Ад пачатку сьнежня чэргі з фураў на мяжы павялічыліся яшчэ на 20%, адзначаюць у памежным ведамстве.
Самым загружаным застаецца літоўскі кірунак, дзе агулам назьбіралася амаль 2200 фур. У чарзе на польскіх пераходах зь беларускага боку стаяць 1720 машын, на латыскіх — 1090. Разгружаны толькі ўкраінскі напрамак, тут ня болей за паўсотні грузавых аўтамабіляў.
Паводле кіроўцаў, у чэргах даводзіцца стаяць па пяць сутак і нават больш. Пры гэтым на мяжы адсутнічаюць элемэнтарныя бытавыя ўмовы: мыюцца на вуліцы, ходзяць у прыбіральню «пад кола».
Не дапамагаюць і спэцыяльныя пропускі на перавоз хуткапсавальных тавараў — за такі гадавы дазвол кампаніі плацяць некалькі тысяч даляраў. Бо калі ў адгароджаным калідоры з двухбаковым рухам стаіць глухая чарга, немагчыма аб’ехаць пярэднія машыны нават фізычна.
Польшча закрыла пераход Брузгі — Кузьніца пасьля таго, як туды накіравалася вялікая група мігрантаў. У выніку на суседнім пераходзе Бераставіца — Баброўнікі сабраліся сотні фураў з таварамі для Расеі.