Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт біў мяне па твары так, што я звалілася з крэсла». Дзяўчына была настаўніцай музыкі, а цяпер працуе ў Польшчы на будоўлі


Кацярына Ляўчынская
Кацярына Ляўчынская

Кацярыне Ляўчынскай 22 гады. Леташнія выбары сталі для яе першым удзелам у «палітыцы». Яе затрымлівалі, кідалі ў ізалятар, распачалі крымінальную справу. Цяпер Кацярына ў Польшчы — зьехала туды на ровары.

«У выбарчую камісію ўключылі, хоць я і не была ні разу на ўчастку»

Кацярына жыла ў Горадні, там скончыла музычны каледж. Адпрацоўвала ў Ваўкавыску — вучыла дзяцей граць на саксафоне і клярнэце.

«Канечне, я не цікавілася палітыкай да мінулага году. На мінулых выбарах мне было 16 — не да палітыкі. У 2019 годзе мяне ўключылі ва ўчастковую камісію, калі выбіралі дэпутатаў парлямэнту. Бо ў той камісіі мусіў нехта быць з музычнай школы. Я не надала нават увагі. Здаецца, там не было ніякіх парушэньняў. Я асабліва не сачыла. У 2020 годзе мяне ўключылі таксама ў тую ўчастковую камісію. Мне патэлефанавалі, сказалі, я была якраз занятая, таму прамармытала, што „Так, так“. Потым я не пагадзілася — бо тады мне не падабалася палітыка прэзыдэнта, яго стаўленьне да каранавірусу. Тым больш я не хацела там працаваць, баялася, што нешта падробяць, я не пагаджуся з гэтым і займею праблемы. Хоць я і адмовілася, і не хадзіла на ўчастак, не была ў той камісіі, наогул была ў Горадні на выбарах — але мяне адтуль ня выключылі! Я пра гэта даведалася, калі знаёмыя скінулі спасылку на telegram „Доска позора“. Там была і я — як сябра камісіі!» — расказвае Кацярына.

Яна пачала разьбірацца. Кажа, што пісала скаргі ў пракуратуру і ЦВК. З ЦВК адказалі, што скарга пакідаецца без разгляду, бо прайшоў тэрмін падачы.

«Было крыўдна, калі міліцыя парвала мне адзіную зімовую куртку!»

Кацярына выходзіла на акцыі пратэсту ў Ваўкавыску. Першы раз пасьля затрыманьня атрымала папярэджаньне.

«Потым, калі было і шмат людзей на акцыях, — забіралі ўсё роўна нас, бо мы „засьвяціліся“. 25 кастрычніка 2020 году мяне зноў затрымалі. Нас цягнула міліцыя, і мне парвалі адзіную зімовую куртку. Было крыўдна. Пасьля трох сутак у ізалятары мы атрымалі на судзе папярэджаньне», — кажа дзяўчына.

Пасьля гібелі Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году Кацярына далучылася да акцыі ягонай памяці.

«Мне было крыўдна, што загінуў малады чалавек, я са сьлязьмі на вачах пайшла на тую акцыю. Нас затрымалі, забралі ў міліцыю», — кажа дзяўчына.

Яна дадае, што пазьней іх дапытвалі горадзенскія міліцыянты.

«Якраз тады ў Ваўкавыску яны расьсьледавалі падпал машыны міліцыянта. І мне прыляцела па твары некалькі ўдараў! Я так страшна плакала тады. Бо хацела, каб яны ад мяне адчапіліся. Яшчэ мне было страшна, што калі мяне будуць біць, то я магу нешта расказаць пра нашы акцыі ці пра людзей. Потым міліцыянт ударыў па твары так, што я ўпала з крэсла», — кажа Кацярына.

Яна апісвае абстаноўку ў кабінэце: «Гэта нібыта „ліхія 90-я“. Прыглушанае сьвятло, мужыкі кураць цыгарэты, на рынгтонах у іх — музыка з „Бумэра“».

«Пасьля бяссоннай ночы і ўсіх катаваньняў я „прызналася“»

«Наступным разам міліцыя затрымала мяне і яшчэ траіх чалавек. Бралі на змор — ноч мы сядзелі ў «стаканах» у міліцыі, нам не давалі піць, есьці. Потым яшчэ 13 гадзін дапытвалі. Знайшлі нейкія «доказы», што нібыта я нешта недзе намалявала — нейкія абразы на «мэра» гораду. Мне падсунулі нейкія паперы — маўляў, прызнавайся, расьпісвайся. У мяне такі стан быў тады пасьля бяссоннай ночы і ўсіх катаваньняў, што я падпісала. Потым адзін міліцыянт канфідэнцыйна прасіў мяне, каб я яму «ўсё расказвала». Калі я адмовілася, ён пагражаў спачатку 15 суткамі, але потым сказаў:

«Ня хочаш — ня трэба, у нас ёсьць людзі, празь якіх мы і так усё ведаем», — дадала Кацярына.

«Села на ровар і паехала ў Польшчу»

На пачатку сьнежня Кацярына даведалася ад сьледчага, што на яе завялі крымінальную справу.

«Я тады мела турыстычную польскую візу. Яшчэ межы былі адчыненыя. Сабрала рэчы, мы зь сябрамі рушылі на мяжу. Спадзяваліся, што нехта мяне „падкіне“ — перавязе на той бок. Але на мяжы былі толькі фуры. Таму я вярнулася дахаты, прыхапіла яшчэ касмэтычку і бялізну, села на ровар і паехала ў Польшчу. На тым баку мяне сустрэлі прыяцелі», — кажа Кацярына.

На міжнародную абарону яна не падавалася. Думае цяпер, каб зрабіць «карту сталага побыту». Знайшла працу — на будоўлі.

«Цяжка, але прывыкла. Вучуся граць на гітары. Ці вярнуся да заняткаў музыкай — ня ведаю. Хутчэй за ўсё, гэта будзе для душы», — дадала дзяўчына.

Кацярына кажа, што не шкадуе, што «такое» адбылося ў яе жыцьці. Дадае, што каб вярнуць час назад — рабіла б тое самае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG