Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае праблемы з вачыма, разьбіраецца з падатковай. Праваабаронца Судаленка сустрэўся ў СІЗА з жонкай


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Палітзьняволены кіраўнік Гомельскага аддзяленьня «Вясны» Леанід Судаленка днямі сустрэўся з жонкай Аксанай. Спатканьне ў СІЗА пары далі нечакана, заяву разгледзелі апэратыўна.

«Я зьдзіўлены, што ты прыйшла. Як табе далі спатканьне?

Аксана Судаленка расказала «Вясьне», як прайшла сустрэча з мужам.

«Я не чакала, што так хутка разгледзяць нашую заяву і дадуць нам спатканьне, бо ўсе спатканьні, якія былі да гэтага, мы атрымлівалі з боем. Муж таксама не чакаў і быў зьдзіўлены, што нам дазволілі сустрэцца. Ён так і сказаў: „Я зьдзіўлены, што ты прыйшла. Як табе далі спатканьне?“ Вось, відаць, зрабілі ласку», — кажа Аксана.

Сустрэча мужа і жонкі доўжылася дзьве гадзіны ў адмыслова абсталяваным пакоі праз шкло, з дапамогай тэлефонных трубак.

«Муж трымаецца малайцом, ён барацьбіт. Акрамя таго, і мяне ўсяляк імкнецца падтрымаць, таму што я засталася адна з усімі сямейнымі справамі і праблемамі», — кажа Аксана.

Мае праблемы з вачыма, сукамэрнікі кураць

Зь ейных словаў, Леанід выглядае крыху стомленым, у яго вялікая нагрузка на вочы.

«У яго са зрокам не зусім усё ў парадку было і на волі, а цяпер яму патрэбнае больш яркае сьвятло: ён адказвае шмат якім людзям на лісты, сам піша разнастайныя хадайніцтвы. Мне муж асабліва ня скардзіцца ні на што», — кажа жонка праваабаронцы.

Ён папрасіў перадаць яму ў СІЗА пэўныя лекі.

Леаніда Судаленку перавялі ў іншую камэру: раней ён быў у камэры на чатыры чалавекі, а цяпер — на дзесяць. Большасьць сукамэрнікаў кураць.

Родныя, сябры, калегі і неабыякавыя людзі пішуць праваабаронцу лісты, але ня ўсе зь іх яму перадаюць.

«Нават мае лісты, якія дасылаю праз платны сэрвіс „Белпошты“, даходзяць з затрымкай. Штосьці прытрымліваюць, штосьці не аддаюць — цэнзура як працавала, гэтак і працуе. У пляне атрыманьня карэспандэнцыі сытуацыя нездавальняльная», — падкрэсьліла Аксана Судаленка.

Лістуецца з падатковай інспэкцыяй

Падатковая інспэкцыя запатрабавала дэклярацыю аб даходах праваабаронцы за 2014–2020 гады, падаць якую ва ўмовах СІЗА нерэальна: няма доступу да дакумэнтаў, чэкаў, каб можна было давесьці, што ўсе падаткі сплачаныя.

Праваабаронца пачаў ліставацца з падатковай інспэкцыяй зь СІЗА — удакладняе, як падаць дэклярацыю.

«І наогул, мы не разумеем, чаму падатковая накіравала запыт, калі за апошнія прынамсі тры гады муж падаваў дэклярацыі, а за 2020 год я сама асабіста падавала. Чаму гэтыя гады таксама ўключылі? Магчыма, ёсьць нейкая замова. Але цяпер ня толькі ў мужа патрабуюць гэтую інфармацыю, па краіне шмат якія людзі сутыкаюцца з падобнай праблемай. З адзіным «але»: калі ў чалавека ёсьць хоць самае малое права атрымаць, прагледзець, праверыць інфармацыю і пераканацца, што сапраўды штосьці дзесьці не было ўлічана, то ў майго мужа такой магчымасьці няма, — шкадуе жанчына.

«Муж штогод выступаў Дзедам Марозам і ладзіў Новы год»

Судаленкі падчас сустрэчы абмеркавалі пытаньні сям’і і навагодніх сьвятаў.

«У нас ёсьць традыцыя: муж штогод выступаў Дзедам Марозам і ладзіў Новы год. Мы абмяркоўвалі падарункі, каго і як павіншаваць, што лепш зрабіць», — расказвае жанчына.

Аксана адзначыла, што мужа цікавіць усё, што адбываецца ў краіне. Аднак ён у інфармацыйным вакуўме, бо з газэт атрымлівае толькі «СБ: Беларусь сегодня», «Гомельскую праўду» і «Народную газету».

«Муж верыць, што рана ці позна ўсё павінна зьмяніцца, скончыцца — і надыдзе пераломны момант. Я ведаю свайго мужа, ён не пакіне гэтую палітычную справу ў адносінах да сябе — гэта дакладна. Бо ён любіць абараняць простых людзей, дапамагаць ім парадай, справай, усім, чым заўгодна», — мяркуе жанчына.


Яна думае, што і цяпер за кратамі ён падказвае іншым, як і што лепей зрабіць для абароны сваіх правоў.

«І тыя незаконныя палітычныя артыкулы, якія людзям былі інкрымінаваныя, і тая сытуацыя, у якой мы таксама аказаліся, — мой муж не пакіне ўсё гэта проста так і ўсё-ткі даможацца справядлівасьці. Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць і верне яго сабе назад», — упэўненая Аксана Судаленка.

Трэцяга лістапада праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне» (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Напісаць ліст праваабаронцу можна на адрас: СІЗА № 3, 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А, Леаніду Леанідавічу Судаленку.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG