Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм пра беларускія пратэсты афіцыйна стаў прэтэндэнтам на «Оскар»


Акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязьняў на паказе фільму Палуяна на фэстывалі IDFA у Амстэрдаме, Нідэрлянды

Стужку Аляксея Палуяна намінавалі на найпрэстыжнейшую кінапрэмію сьвету ў катэгорыі «Найлепшыя дакумэнтальныя фільмы».

Дакумэнтальны фільм «Courage» пра беларускія пратэсты зьняты сёлета ў Нямеччыне вядомым рэжысэрам Аляксеем Палуянам. За некалькі месяцаў пасьля выхаду фільм паўдзельнічаў у пяці сусьветна вядомых фэстывалях: Berlinale, Visions du Réel, CPH:DOX, Sheffield Doc/Fest і IDFA 2021. Цяпер ён намінаваны на «Оскар».

Аляксей Палуян — беларускі рэжысэр, які ад 2012 году жыве і працуе ў Нямеччыне, дзе скончыў Акадэмію мастацтваў. Раней Палуян ужо прэтэндаваў на «Оскар» — ягоны кароткамэтражны фільм «Возера радасьці» ўваходзіў у доўгі сьпіс. Таксама той фільм стаў прызэрам больш як 30 міжнародных кінафэстываляў.

Беларускі творца спадзяецца, што ягоны новы фільм дапаможа прыцягнуць міжнародную ўвагу да палітвязьняў у Беларусі.

Аўтарытэтны амэрыканскі кінакрытык Клэйтан Дэвіс, які робіць афіцыйныя прагнозы на выніковае разьмеркаваньне месцаў ва ўсіх намінацыях «Оскару», зрэшты, ня лічыць фільм нямецкай вытворчасьці пра Беларусь адным з асноўных прэтэндэнтаў на прыз, піша Variety.

На ягоную думку, «Оскара» дадуць стужцы «Flee» Ёнаса Расмусэна, якую дацкі рэжысэр зьняў паводле асабістай гісторыі ўцекача з Афганістану, які расказаў пра тое, як прыляцеў з радзімы ў Данію, пра сваю гомасэксуальнасьць і праблемы, зь якімі сутыкаўся ў Афганістане і якія вымушаны быў пэўны час хаваць нават пасьля прыезду ў Эўропу.

21 сьнежня журы абвесьціць кароткі сьпіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, а галасаваньне за найлепшы дакумэнтальны фільм стартуе 27 студзеня 2022 году і скончыцца 1 лютага. Праз тыдзень пасьля яго абвесьцяць пераможцу, а цырымонію ўручэньня прызначылі на 27 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG