Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зноў падаражэлі даляр і эўра і што будзе далей. Разьбіраемся


GLOBAL-FOREX/
GLOBAL-FOREX/

За лістапад беларускі рубель патаньнеў на 5,18% адносна даляра. З чым гэта зьвязана і чаго чакаць бліжэйшым часам?

31 кастрычніка даляр каштаваў 2,42 беларускага рубля, 30 лістапада — 2,55 рубля. За месяц ён патаньнеў на 5,18%. 1 сьнежня рубель усё ж крыху падняўся — да 2,54 рубля за даляр.

Чаму патаньнеў рубель

Фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб называе некалькі фактараў, з прычыны якіх за месяц рубель патаньнеў.

«Найбольш за месяц да даляра патаньнелі расейскі рубель, беларускі рубель і ўкраінская грыўня. Расейскі рубель і грыўня падаюць зь сярэдзіны лістапада, калі абвастрылася сытуацыя на ўкраінска-расейскай мяжы. Раней падзеі ва Ўкраіне не закраналі эканоміку Беларусі, але цяпер ад уладаў Беларусі гучала, што яны не застануцца ўбаку. Да таго ж падаюць валюты ўсіх краін, што разьвіваюцца, з прычыны інфармацыі пра новы штам каранавірусу. Да таго ж на патаненьне рубля паўплывалі новыя санкцыі», — кажа Вадзім Іосуб.

Падзеньне беларускага рубля мае свае асаблівасьці, адзначае Вадзім Іосуб.

«Калі было моцнае падзеньне ў сакавіку мінулага году і ў другой палове жніўня мінулага году, на біржы быў рост аб’ёмаў гандлю, прадпрыемствы набывалі валюту, грамадзяне набывалі валюту. А цяпер увесь мінулы тыдзень аб’ёмы таргоў на біржы былі звычайныя. Гэта значыць, што пакупнікоў валюты ня стала больш, але стала менш прадаўцоў валюты. Гэта кажа аб зьніжэньні валютнай выручкі ў экспартэраў і нежаданьні прадаваць валюту», — кажа Вадзім Іосуб.

Эканаміст Дзьмітры Крук таксама адзначае ўмацаваньне даляра. Яно паўплывала і на беларускі рубель.

«Пачало дамінаваць меркаваньне, што ЗША будуць першыя, хто паступова ў 2021 годзе пачне падвышаць адсоткавыя стаўкі. А гэта імпульс, які ўплывае на ўмацаваньне даляра. Яшчэ больш гэтую тэндэнцыю ўзмацнілі навіны пра новы штам каранавірусу. З аднаго боку — умацаваньне даляра, а зь іншага боку — патаньненьне іншых валютаў адбілася на іншых краінах, у тым ліку на Расеі, да курсу чыёй валюты прывязаная Беларусь», — кажа Дзьмітры Крук.

Што будзе зь беларускім рублём далей

Складана сказаць, ці будзе яшчэ апускацца беларускі рубель бліжэйшым часам. На гэта найперш паўплывае сытуацыя з каранавірусам. Пра гэта кажа Дзьмітры Крук.

«Наколькі захаваецца тэндэнцыя росту даляра, складана сказаць, бо гэта выклікана не эканамічнымі чыньнікамі. Гісторыя з новай хваляй каранавірусу будзе выходзіць на першы плян. Ці зьнізяцца апасеньні наконт новых локдаўнаў і зьніжэньня дзелавой актыўнасьці — вось гэта паўплывае на курсы валют», — кажа Дзьмітры Крук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG