На выезьдзе зь Беларусі у чэргах 4500 грузавікоў, колькасьць іх працягвае расьці

Фуры на беларуска-польскай мяжы, архіўнае фота
Фуры на беларуска-польскай мяжы, архіўнае фота

Колькасьць фураў, якія чакаюць уезду ў Эўразьвяз перад беларускімі пунктамі пропуску, увесь час расьце.

Як паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі, за мінулыя суткі толькі 2 зь 9 эўрапейскіх пунктаў пропуску выканалі дамоўленасьці па афармленьні грузавога транспарту.

Самым загружаным застаецца літоўскі напрамак. Так, праз пункт пропуску «Мядзінінкай» (зь беларускага боку — «Каменны лог») у Эўразьвяз прайшло ўсяго 249 фур, што ўдвая менш за прапускную здольнасьць, пішуць беларускія памежнікі. Пры ўезьдзе ў Польшчу гэтаксама стаіць вялікая колькасьць грузавікоў.

Беларускі бок сьцьвярджае, што афармляе грузавы транспарт без затрымак.

На раніцу 30 лістапада на беларуска-латвійскай граніцы перад пунктам пропуску «Грыгараўшчына» сабралася больш як 450 грузавікоў, «Урбаны» — звыш 460.

Уезду ў Літву перад пунктам пропуску «Відзы» чакае больш за 230 вялікагрузаў, «Катлоўка» — 400, «Каменны Лог» — больш за 620, «Беняконі» — звыш 700, «Прывалка» — больш за 500.

На польскім напрамку перад пунктам пропуску «Бераставіца» сабралася больш за 700 грузавікоў, «Казловічы» — звыш 500.

Памежны пункт Брузгі — Кузьніца на беларуска-польскай мяжы закрыты ад 8 лістапада ў сувязі з мігранцкім крызісам.

Раней памежныя службы Польшчы прыгразілі наагул спыніць наземны рух зь Беларусьсю, калі зь яе тэрыторыі будуць працягвацца «агрэсіўныя атакі мігрантаў».

​
XS
SM
MD
LG