Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі расказаў, што асабіста адклаў апэрацыю з «вагнэраўцамі», не жадаючы псаваць адносіны з Эрдаганам


Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі 26 лістапада падрабязна выклаў сваю вэрсію гісторыі з затрыманьнем байцоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» у санаторыі пад Менскам летам 2020 году.

Ён прызнаў, што ведаў пра падрыхтоўку апэрацыі СБУ ў дачыненьні да расейцаў з «ПВК Вагнэра», аднак не зацьвердзіў яе, бо ня быў упэўнены ў яе бясьпецы.

Нядаўна дасьледчыцкая група Bellingcat расказала пра дэталі спэцапэрацыі, пасьля якой у Беларусі былі затрыманыя і затым выдадзеныя Расеі 33 байцы расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Журналісты расказалі, што іх затрыманьне было вынікам правалу апэрацыі ўкраінскіх спэцслужбаў, якія доўгі час «вываблівалі» «вагнэраўцаў» з Расеі.

Мяркуючы па аповедах, якія атрымалі журналісты з розных крыніц, плян СБУ быў такі: прывезьці «вагнэраўцаў» у Беларусь на аўтобусе, затым пасадзіць на самалёт да Стамбулу, а потым пад выглядам пагрозы захопу самалёта пасадзіць борт ва Ўкраіне, дзе і затрымаць байцоў, якіх падазравалі ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях на Данбасе.

Аднак за некалькі дзён да пачатку апэрацыі офіс прэзыдэнта папрасіў перанесьці яе на некалькі дзён. Паводле вэрсіі, якую агучвалі журналісты, гэта было зроблена з прычыны дамоўленасьцяў з Расеяй пра маючае адбыцца ў тыя дні перамір’е на Данбасе. Былы кіраўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Васіль Бурба заявіў, што атрымаў прамое ўказаньне адкласьці апэрацыю ад кіраўніка офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака.

На думку Бурбы, спэцапэрацыя была праваленая («вагнэраўцаў» у выніку затрымалі беларускія ўлады на тэрыторыі Беларусі і перадалі Расеі, ва Ўкраіну расейцы ня трапілі), і адной з прычынаў правалу апэрацыі стаў менавіта яе перанос. «Са свайго аналізу, вопыту магу сказаць, што гэта ёсьць правал дзякуючы людзям, якія знаходзяцца ва ўладных кабінэтах», — сказаў ён.

Суд у Кіеве летам 2021 году абавязаў Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) пачаць дасудовае расьсьледаваньне аб магчымай дзяржаўнай здрадзе прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і яго атачэньня з прычыны зрыву апэрацыі з «вагнэраўцамі». Зрыў апэрацыі стаў адным з самых гучных скандалаў часоў кіраваньня Зяленскага.

Адказваючы на пытаньне, ці сапраўды офіс прэзыдэнта прасіў перанесьці спэцапэрацыю, Зяленскі пачаў актыўна крытыкаваць самога Бурбу. Паводле вэрсіі Зяленскага, Бурба ведаў, што прэзыдэнт хоча звольніць яго з прычыны інфармацыі пра гандаль зьвесткамі і іншых чутак.

Пасьля гэтага, паводле словаў прэзыдэнта Ўкраіны, Бурба і прыдумаў апэрацыю з «вагнэраўцамі»: яе Зяленскі назваў «апэрацыяй Бурбы», намякнуўшы, што за гэтым стаіць былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Уладзімір Зяленскі і Рэджэп Тайіп Эрдаган, Стамбул, 10 красавіка 2021 г.
Уладзімір Зяленскі і Рэджэп Тайіп Эрдаган, Стамбул, 10 красавіка 2021 г.

У трактоўцы Зяленскага гісторыя з баевікамі гучыць так: яму раней дакладвалі, што ёсьць распрацоўка нейкіх плянаў з «вагнэраўцамі». Але незадоўга да пачатку той самай апэрацыі яму расказалі пра плян пасадзіць самалёт. Паводле Зяленскага, ён папрасіў адкласьці апэрацыю і не санкцыянаваў яе — але не з прычыны дамоўленасьцяў з Расеяй, а з прычыны нежаданьня псаваць адносіны з Турэччынай і непралічаных рызыкаў пры пасадцы самалёта.

«У мяне было адно пытаньне, і я яго наўпрост задаў. Я спытаў: «„Турэцкія авіялініі“? Эрдаган павінен ведаць?» Мне кажуць: «Не». І тады я кажу: «У мяне ёсьць адчуваньне, што нас уцягваюць у чужую апэрацыю. Вось самалёт, які вылятае зь Менску „Турэцкімі авіялініямі“. Там будуць звычайныя людзі, грамадзяне Турэччыны, Украіны, звычайныя людзі. 120–130 чалавек. А ці могуць баевікі захапіць самалёт? Ці можа быць такое?» — сказаў Зяленскі.

І тады, паводле слоў Зяленскага, ён заявіў, што апэрацыя «непралічаная» і ён ня будзе гатовы санкцыянаваць яе, пакуль ня будуць прадуманыя ўсе дэталі, каб падчас яе не пацярпелі звычайныя людзі. Ён некалькі разоў падкрэсьліў, што правядзеньне такой апэрацыі без паведамленьня прэзыдэнту Турэччыны Рэджэпу Тайіпу Эрдагану моцна сапсавала б адносіны двух прэзыдэнтаў. «Эрдаган бы нам гэтага ніколі не дараваў», — заявіў Зяленскі.

«Мне сорамна за гэты эпізод нашай выведкі, але апэрацыя была непрадуманая», — падкрэсьліў Зяленскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG