Літва ацэньвае магчымасьць ініцыяваць міжнародны суд над Лукашэнкам

Габрыелюс Ландсбергіс
Габрыелюс Ландсбергіс

Урад Літвы ацэньвае магчымасьць ініцыяваць міжнародны судовы працэс супраць Аляксандра Лукашэнкі за абыходжаньне зь мігрантамі, заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

«Наколькі я ведаю, першыя дыскусіі аб стварэньні такой працоўнай групы ва ўрадзе ўжо распачатыя, інстытуцыі пачалі дыялёг. Я хачу падкрэсьліць, што гэта працоўная група, якая дасьць ацэнку, як гэты працэс варта разьвіваць далей. Мы гаворым яшчэ не пра зварот, а пра ацэнку магчымасьці такога звароту», — цытуе словы міністра партал Delfi.

На пытаньне, ці бачыць ён падставу для такога звароту, Ландсбергіс адказаў: «Палітычна — так, але тут слова за юрыстамі».

Старшыні камітэтаў парлямэнтаў Літвы і яшчэ 16 краінаў Эўразьвязу два тыдні таму зьвярнуліся да кіраўніцтва Эўразьвязу і NATO з прапановай ініцыяваць міжнародны судовы працэс супраць Лукашэнкі.

Кіраўнікі камітэтаў, якія курыруюць пытаньні эўрапейскай палітыкі, прапануюць перадаць справу Беларусі ў Міжнародны суд, бо, на іх думку, рэжым Лукашэнкі парушыў міжнародную Канвэнцыю супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня.

​
XS
SM
MD
LG