Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле папярэдніх дадзеных, у шахце ў Кузбасе тых, хто выжыў, ужо няма


Ратавальнікі ля шахты «Ліствяжная»
Ратавальнікі ля шахты «Ліствяжная»

Ахвярамі аварыі на шахце «Ліствяжная» ў Кемераўскай вобласьці Расеі сталі, паводле папярэдніх зьвестак, 52 чалавекі, у тым ліку 6 ратавальнікаў. Пра гэта позна ўвечары ў чацьвер паведамілі расейскія інфармагенцтвы са спасылкай на крыніцы ў экстраных службах.

«Паводле папярэдніх дадзеных, у шахце нікога не засталося жывых. Загінулі 52 чалавекі, уключна з горнаратавальнікамі», — сказаў суразмоўца ТАСС.

Агенцтву «Інтэрфакс» пра больш як 50 загінулых у выніку здарэньня на «Ліствяжнай» паведамілі ў адміністрацыі Белаўскай гарадзкой акругі. Прадстаўнік адміністрацыі адзначыў, што людзі задыхнуліся чадным газам.

На «Ліствяжнай» у чацьвер адбылося задымленьне ў вэнтыляцыйным штрэку на глыбіні 250 мэтраў. Прычынай, паводле дадзеных крыніцы ТАСС, стала загараньне вугальнага пылу ў вэнтыляцыйнай штольні, пасьля чаго дым распаўсюдзіўся па ўсёй шахце.

Увечары 25 лістапада намесьнік генпракурора Расеі Дзьмітры Дзямешын заявіў журналістам, што прычынай надзвычайнага здарэньня на шахце ў Кузбасе, як мяркуецца, стаў выбух мэтану.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб парушэньні патрабаваньняў прамысловай бясьпекі небясьпечных вытворчых аб’ектаў, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека.

Затрымалі дырэктара шахты, ягонага першага намесьніка і начальніка ўчастку.

  • У 2021 годзе праверка рэгіянальнага ўпраўленьня Растэхнагляду выявіла амаль 140 парушэньняў у арганізацыі працы шахты «Ліствяжная». Парушэньні выявілі ў сыстэмах вэнтыляцыі і раньняга рэагаваньня на пажары, паведамляе ТАСС.
  • У 2020 годзе на шахце «Ліствяжная» Растэхнагляд выявіў 18 сурʼёзных парушэньняў прамысловай бясьпекі (у тым ліку адсутнасьць на шахце бесьперапыннага аўтаматычнага кантролю газавага пылавога рэжыму — паводле адной з вэрсій, менавіта ўзгараньне пылу прывяло да выбуху і пажару). Аднак пазьней наглядны орган не правяраў выкананьне прадпісаньняў. Таксама пры праверцы высьветлілася, што ў некаторых месцах шахта не была абсталяваная сродкамі пажаратушэньня, а час спрацоўваньня датчыка кантролю мэтану амаль удвая перавышае норму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG