Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаскі дысыдэнт Арон Атабек памёр пасьля 15 гадоў зьняволеньня


Арон Атабек (Едыгееў)
Арон Атабек (Едыгееў)

Казаскі паэт і дысыдэнт Арон Атабек (Едыгееў) памёр на 69-м годзе жыцьця ў Алматы. У кастрычніку яго адпусьцілі з турмы пасьля 15 гадоў зьняволеньня. Ад часу арышту ў 2006 годзе ён катэгарычна адпрэчваў віну і працягваў крытыкаваць рэжым у Казахстане.

Пра сьмерць дысыдэнта паведаміла казаская служба Радыё Свабода. Па словах сястры Атабека, ён памёр а восьмай гадзіне вечара ў сераду ў лякарні, бо ў яго спынілася сэрца. Ён быў шпіталізаваны 20 кастрычніка ў сувязі з рэзкім пагаршэньнем стану на фоне каранавіруснай пнэўманіі. Пазьней ён упаў у кому і быў падлучаны да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Атабек быў актыўным удзельнікам палітычнага жыцьця Казахстану з 1980-х. Ён удзельнічаў у масавых пратэстах у Алматы ў 1986 годзе супраць прызначэньня расейскага партыйнага дзеяча Генадзя Колбіна на пасаду першага сакратара ЦК кампартыі Казаскай ССР, гэта значыць фактычнага кіраўніка рэспублікі.

Пазьней Атабек быў адным з аўтараў звароту да зьезду народных дэпутатаў СССР аб наданьні Казахстану сувэрэнітэту. Пасьля атрыманьня Казахстанам незалежнасьці ён апынуўся ў апазыцыі і да першага прэзыдэнта краіны Нурсултана Назарбаева.

У 2008 годзе Атабека асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня паводле артыкулу аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго вызваленьня неаднаразова патрабавалі праваабаронцы і заходнія палітыкі. Усе гады зьняволеньня ён утрымліваўся ў турмах удалечыні ад Алматы, дзе пражываў да арышту.

У апошнія гады ягоныя блізкія паведамлялі аб рэзкім пагаршэньні здароўя дысыдэнта. 1 кастрычніка суд пастанавіў замяніць неадбытую частку турэмнага тэрміну Атабека на абмежаваньне волі. У інтэрвію Радыё Свабода пасьля вызваленьня ён паведамляў, што яго вывезьлі з турмы падманам, да апошняга моманту не тлумачачы, куды ён паедзе. Ён казаў, што яго адпусьцілі паміраць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG