Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лётчыкам, якія ў траўні разьбіліся ў Баранавічах, прысвоілі званьне «Герой Беларусі»


Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка

«За мужнасьць і гераізм, праяўленыя пры выкананьні воінскага абавязку» Андрэю Нічыпорчыку і Мікіту Куканенку пасьмяротна прысвоілі званьне «Герой Беларусі».

19 траўня падчас навучальнага палёту ў Баранавічах пацярпеў крушэньне вайсковы самалёт Як-130. Загінуў экіпаж — маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка.

Падчас віражу пачалі адмаўляць сыстэмы самалёта і ён стаў падаць. Пілёты да апошняга моманту спрабавалі адвесьці самалёт ад гораду. Рашэньне катапультавацца прынялі за долі сэкунды да трагедыі, пераканаўшыся, што траекторыя падзеньня самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, але, каб уратавацца, было ўжо позна.

Да такой высновы прыйшлі сьледчыя. Яны таксама не знайшлі парушэньняў падчас падрыхтоўкі самалёта да палёту і спынілі справу «ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».

Самалёт упаў непадалёк ад жылога дому. На зямлі ніхто не загінуў.

У Баранавічах імёнамі лётчыкаў прапануюць назваць новыя вуліцы, паведаміла БелТА.

Што вядома пра загінулых пілётаў

Андрэй Нічыпорчык — прадстаўнік авіяцыйнай дынастыі. Яго бацька Ўладзімер Нічыпарчык у 2009-м быў адзначаны мэдалём «За бездакорную службу» III ступені. Андрэй Нічыпорчык таксама пачынаў вайсковую кар’еру ў Лідзе, дзе праходзіў лётную практыку падчас вучобы ў Вайсковай акадэміі. Лятаць ён пачаў на самалёце Л-39, потым перайшоў на Су-25, а потым перавучыўся на Як-130 у сваіх калег, якія спачатку езьдзілі на навучаньне ў Маскву. Да 2016-га лётчык камандаваў авіяцыйным зьвяном 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе. Ён налятаў на Як-130 больш за 100 гадзін. У 2017-м Андрэй Нічыпорчык упершыню ўдзельнічаў у паветраным парадзе ў гонар Дня Незалежнасьці. Тады зьвяно, у якім ён лятаў, зрабіла пяць вылетаў. У яго засталося двое дзяцей.

Мікіту Куканенку было ўсяго 22 гады. Ён нарадзіўся ў Полацку, але дзяцінства правёў у суседняй Баравусе, дзе месьцілася верталётная база. Мікіта скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча. Курс Мікіты Куканенкі ў Вайсковай акадэміі быў экспэрымэнтальным. Да яго курсанты вывучалі Л-39, а Мікіта і яго аднакурсьнікі асвоілі і Як-130. Той самы, на якім лятаў Андрэй Нічыпорчык і на якім у свой апошні палёт адправіўся і малады пілёт.

Званьне «Герой Беларусі» ад часу абвяшчэньня незалежнасьці прысвоілі 13 чалавекам

  1. Уладзімеру Карвату — лётчыку, які цаной жыцьця адвёў самалёт ад вёскі каля Баранавічаў у 1996 годзе.
  2. Паўлу Марыеву, кіраўніку БелАЗу.
  3. Аляксандру Дубко, старшыні Горадзенскага аблвыканкаму.
  4. Міхаілу Карчміту, старшыні агракамбінату «Сноў».
  5. Віталю Крамко, старшыні калгасу «Кастрычнік».
  6. Міхаілу Высоцкаму, навукоўцу, канструктару і машынабудаўніку.
  7. Пятру Пракаповічу, старшыні Нацбанку.
  8. Васілю Равяку, старшыні сельскагаспадарчага каапэратыву «Прагрэс-Верцялішкі».
  9. Міхаілу Савіцкаму, народнаму мастаку Беларусі.
  10. Філарэту (Кірылу Вахрамееву), кіраўніку Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Расейскай праваслаўнай царквы.
  11. Дарʼі Домрачавай, біятляністцы.
  12. Андрэю Нічыпорчыку — лётчыку, які цаной жыцьця адвёў самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах.
  13. Мікіту Куканенку — лётчыку, які які цаной жыцьця адвёў самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG