Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз «мабілізуе» 3,5 мільёна эўра для вяртаньня мігрантаў зь Беларусі ў свае краіны


Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен
Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен

Эўразьвяз знойдзе 3,5 мільёна эўра, каб падтрымаць добраахвотнае вяртаньне мігрантаў зь Беларусі ў свае краіны. Пра гэта заявіла ў аўторак кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, выступаючы на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры.

«Усё больш мігрантаў аказваюцца ў пастцы, і мы будзем супрацоўнічаць з агенцтвамі ААН, каб палегчыць іх вяртанне дадому. Мы мабілізуем да €3,5 млн для падтрымкі добраахвотнага вяртаньня зь Беларусі», — паведаміла яна.

Яна дадала, што Эўрапейскі Зьвяз не прызнае «гэты рэжым, які гвалтоўна ўціскае ўласны народ». Фон дэр Ляен таксама сказала, што Эўразьвяз утрая павялічыць фінансавую падтрымку для Польшчы, Латвіі і Літвы на ахову іх межаў.

Рыхтуючыся да прыняцьця пятага пакету санкцыяў Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску, Эўрапейская камісія сёньня выступіла з прапановамі ў сувязі зь мігранцкім крызісам на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ.

«У рамках аб’яднанага адказу Эўрапейскага Зьвязу на фінансаваную дзяржавай інструмэнталізацыю людзей на зьнешняй мяжы ЭЗ зь Беларусьсю, Эўрапейская камісія і Вярхоўны прадстаўнік прапануюць сёньня захады дзеля прадухіленьня і абмежаваньня дзейнасьці транспартных апэратараў, якія займаюцца кантрабандай або незаконным перавозам людзей у ЭЗ, або спрыяюць гэтай дзейнасьці. Гэта дадасьць новы інструмэнт у набор сродкаў ЭЗ для падтрыманьня дзяржаваў-удзельніц, якія пацярпелі ад такіх гібрыдных нападаў. Іншыя формы падтрымкі, у прыватнасьці, гуманітарная дапамога павінна суправаджаць любыя захады, ужытыя ў рамках гэтага інструмэнту», — сказана ў афіцыйным паведамленьні.

Для авіякампаніі «Белавія» заблякуюць магчымасьць лізінгу самалётаў праз кампаніі Эўразьвязу — гэта частка санкцыйнага пакету, распавёў кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, выступаючы ў Эўрапарлямэнце. Мішэль таксама зазначыў, што рашэньне ЭЗ аб пашырэньні санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі «непазьбежнае».

Паводле Эўракамісіі, апошнія падзеі на мяжы ЭЗ зь Беларусьсю не маглі б адбыцца безь сьвядомага або несьвядомага спрыяньня пэўных транспартных апэратараў эксплюатацыі людзей, што выклікала вялізныя гуманітарныя ахвяры і высокі кошт бясьпекі на зьнешніх межах ЭЗ і стабільнасьці ў рэгіёне.

У сувязі з гэтым Эўракамісія прапанавала такое рашэньне:
«Дзеля забесьпячэньня таго, каб ЭЗ мела адпаведныя інструмэнты для барацьбы з інструмэнталізацыяй людзей у палітычных мэтах, Камісія прапануе новую прававую базу, якая дазваляе ЭЗ рабіць мэтанакіраваныя захады ў дачыненьні да транспартных апэратараў любога віду транспарту (наземнага, паветранага, унутраных водных і марскіх шляхоў), якія ўдзельнічаюць у кантрабандзе або незаконным перавозе людзей у Эўрапейскі Зьвяз. Захады будуць прапарцыйнымі і будуць вызначацца ў кожным канкрэтным выпадку. Тып захадаў можа ўключаць:

  • абмежаваньне апэрацый на рынку Зьвязу,
  • прыпыненьне дзейнасьці ліцэнзіяў або дазволаў,
  • прыпыненьне правоў на запраўку або тэхнічнае абслугоўваньне ў межах ЭЗ,
  • а таксама забарону транзыту або палётаў над ЭЗ,
  • забарону тэхнічных прыпынкаў або заходаў у парты ЭЗ».

Апрача захадаў у дачыненьні да транспартных апэратараў, Эўразьвяз прадугледжвае выдзяленьне 700 тысячаў эўра ў якасьці гуманітарнай дапамогі мігрантам, якія апынуліся ў Беларусі. Прадугледжана таксама падтрымка і фінансавая дапамога Польшчы, Літве і Латвіі для ўмацаваньня мяжы і вырашэньня праблемаў з разьмяшчэньнем мігрантаў, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі гэтых краінаў ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG