Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Расея можа напасьці на Ўкраіну з Крыму і зь Беларусі


Вайсковыя вучэньні "Захад-2017". Архіўнае фота

ЗША перадалі саюзьнікам у NATO зьвесткі выведкі, якія гавораць аб павелічэньні колькасьці расейскіх войскаў для падрыхтоўкі ўварваньня ва Украіну.

Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Масква можа пачаць наступ зь беларускай тэрыторыі і з анэксаванага Крыму, сьцьвярджаюць суразмоўцы агенцтва. Прадугледжваецца, што ва ўварваньні будуць удзельнічаць 100 груп колькасьцю сто тысяч чалавек. Акрамя таго, крыніцы сьцьвярджаюць, што расейскія ўлады нібыта мабілізавалі дзясяткі тысяч рэзэрвістаў.

Раней пра верагодныя баявыя дзеяньні Расеі супраць Украіны гаварыў кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў. Паводле яго, уварваньне можа пачацца ў студзені ці лютым 2022 году.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што супраць Расеі ідзе мэтанакіраваная кампанія. Паводле Пяскова, Bloomberg выкарыстоўвалі ў якасьці «трубы» для інфармацыйнага ўкіду.

У расейскай Службе зьнешняй выведкі (СЗВ) інфармацыю пра вайсковае ўварваньне ва Ўкраіну адмовілі. «Паводле зьвестак, Дзярждэпартамэнт ЗША праз дыпляматычныя каналы даводзіць да сваіх саюзьнікаў і партнэраў абсалютна ілжывую інфармацыю пра канцэнтрацыю на тэрыторыі нашай краіны сіл для вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну», — гаворыцца ў заяве СЗВ. Спэцслужба параўнала цяперашні стан спраў вакол Украіны з сытуацыяй у Грузіі напярэдадні падзеяў 2008 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG