Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За камэнтары ў Telegram жыхара Гомля асудзілі на 1,5 года калёніі


Яўген Маркавец
Яўген Маркавец

Суд Савецкага раёну Гомля вынес рашэньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да 30-гадовага Яўгена Маркаўца.

За камэнтары ў Telegram яго пакаралі калёніяй на 1,5 года. Апрача таго, ён абавязаны выплаціць «кампэнсацыю маральнай шкоды» супрацоўніку АМАП у памеры 1 тысяча рублёў.

Камэнтары ў Telegram сьледзтва і суд расцанілі як «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 КК), і «абразу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 КК).

Пацярпелы, супрацоўнік АМАП, прасіў даць яму кампэнсацыю за нэгатыўны камэнтар на ягоны адрас у памеры 2 тысячы рублёў.

Сваю віну ў абразе міліцыянта Яўген прызнаў цалкам і выбачыўся перад пацярпелым. Аднак з абвінавачаньнем у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, абвінавачаны не згадзіўся.

«Ніводнае з тых паведамленьняў, што я напісаў у тэлеграм-чаце, нельга расцаніць як заклік або інструкцыю. Нават экспэрты пагадзіліся, што ў маіх допісах няма ніякіх заклікаў. Гэта проста былі камэнтары ў перапісцы зь іншымі асобамі. Таму вінаваціць мяне ў арганізацыі якіх бы там ні было дзеяньняў нельга.

Паміж паняцьцямі „арганізоўваць“ і „заклікаць“ — велізарная розьніца. На той момант, калі я быў удзельнікам тэлеграм-чату, увосень 2020 году, заклікі да нейкіх дзеяньняў не лічыліся крымінальным злачынствам. Такое дапаўненьне ў заканадаўстве зьявілася значна пазьней.

Я ня мог тады ведаць, што існуе вусны загад кіраўніцтва МУС прыраўноўваць заклікі да арганізацыі супрацьпраўных дзеяньняў. На жаль, як аказалася, вусныя загады выконваюцца ў нас яшчэ больш ахвотна, чым пісьмовыя», — выступіў на судзе з апошнім словам 22 лістапада Яўген.

Ён даводзіў суду, што ў ягоных дзеяньнях не было ані «арганізацыі», ані «падрыхтоўкі», ані «супраціву прадстаўнікам улады». «Абвінавачваньне не змагло знайсьці ніводнага факту, які пацьвярджае, што мае камэнтары прывялі да нейкіх рэальных дзеяньняў. Ніводзін удзельнік гэтага чату ў тэлеграме ня зьдзейсьніў ніякіх злачынстваў», — дадаў абвінавачаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG