Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск заяўляе пра паляпшэньне кантактаў з польскімі памежнікамі, Варшава — пра «прэлюдыю да горшага»


Мігранты на мяжы ў раёне Горадні

Прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі, камэнтуючы абстаноўку на мяжы, заявіў аб зацікаўленасьці з боку Польшчы ў «актывізацыі двухбаковых кантактаў, у аснове якіх ляжыць прынцып канструктыўнага дыялёгу», — паведамляе БелТА.

«Польскі бок выходзіць з ініцыятывай пошуку адэкватных рашэньняў, у тым ліку з улікам інтарэсаў уцекачоў, якія аказаліся ў крытычнай сытуацыі. Такія кантакты ўжо ёсьць як на ўзроўні памежных упаўнаважаных, так і па лініі апэратыўна-дзяжурных службаў», — сказаў ён, дадаўшы, што беларускі бок адкрыты да супрацоўніцтва.

Паводле начальніка апэратыўна-сытуацыйнага цэнтру Берасьцейскай памежнай групы Сяргея Казлоўскага, абмен інфармацыяй, які «апошнім часам носіць фармальны характар, стаў больш канструктыўным». Так, у суботу ўвечары па ініцыятыве польскага боку адбыўся абмен інфармацыяй па сытуацыі з чэргамі паблізу пункту пропуску «Казловічы» («Кукурыкі»).

Тымчасам прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі ў нядзелю наведаў Эстонію і Літву, каб абмеркаваць крызіс са сваімі калегамі з краінаў Балтыі. Пазьней ён адправіцца ў Латвію.

«Сёньня на ўсходняй мяжы Польшчы мы маем справу з вайной новага кшталту — гібрыднай вайной, у якой мігранты зьяўляюцца зброяй, дэзынфармацыя зьяўляецца зброяй», — сказаў Маравецкі ў Таліне, дадаўшы, што абмяркоўваюцца дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць Менску.

Маравецкі заявіў у Літве, што атрымлівае інфармацыю аб тым, што складаная сытуацыя ў Аўганістане пасьля таго, як талібы захапілі краіну ў жніўні, «можа быць выкарыстана як наступны этап міграцыйнага крызісу».

«Я думаю, тое, што разгортваецца на нашых вачах, гэтыя драматычныя падзеі, могуць быць толькі прэлюдыяй да нечага значна горшага», — дадаў ён.

Матэвуш Маравецкі агучыў гатоўнасць польскага ўраду аплаціць вяртаньне мігрантаў, якія захрасьлі на польска-беларускай мяжы: «Мы гатовыя ў любы момант аплаціць вяртаньне мігрантаў у іх краіны», — заявіў ён.

Польшча і Літва разьлічваюць на далейшую падтрымку з боку Эўрапейскага Зьвязу і NATO.

«Для нас вельмі важна, каб любыя перамовы (зь Беларусьсю) узгадняліся з Літвой, Польшчай і Латвіяй, якія знаходзяцца ў авангардзе гібрыднай атакі, і не прымаліся рашэньні, якія не вырашалі б сытуацыю карэнным чынам», — заявіла прэмʼер-міністар Літвы Інгрыда Сіманітэ.

Міністар замежных спраў Францыі заявіў у нядзелю, што Расеі давялося аказаць ціск на Беларусь, каб пакласьці канец міграцыйнаму крызісу.

  • Менск, які адмаўляе распальваньне крызісу, ачысьціў лягер для мігрантаў недалёка ад мяжы ў чацьвер і пачаў рэпатрыяцыю некаторых людзей у Ірак, відавочна зьмяніўшы курс у канфлікце, які перарос у буйную канфрантацыю паміж беларускімі ўладамі і Эўропай, нагадвае Reuters.
  • Тым ня менш, Польшча заяўляе, што Менск працягвае дастаўляць сотні мігрантаў да мяжы, дзе, як мяркуецца, каля 10 уцекачоў загінулі ад холаду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG