Лінкі ўнівэрсальнага доступу

PandaDoc увайшла ў рэйтынг найлепшых тэхналягічных кампаній Паўночнай Амэрыкі


Адзін з заснавальнікаў PandaDoc Мікіта Мікада

PandaDoc, заснаваная беларусамі Мікітам Мікадам і Сяргеем Барысюком, стала адзіным прадстаўніком зь беларускімі каранямі ў сьпісе тэхналягічных кампаній ЗША і Канады, якія найбольш дынамічна разьвіваюцца, паведаміў «Ежедневник».

Стартап, які сёлета восеньню стаў першым у гісторыі Беларусі «аднарогам» (ацэнка бізнэсу ад 1 мільярда даляраў), заняў у гэтым рэйтынгу 421-е месца.

Сярэдні тэмп прыросту выручкі PandaDoc за 2017–2020 гады склаў 272%.

Галоўны офіс PandaDoc, якая спэцыялізуецца на электроннай дакумэнтацыі, знаходзіцца ў Сан-Францыска.

2 верасьня 2020 году ў менскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. 7 з 20 супрацоўнікаў затрымалі для допыту. Цягам двух дзён супрацоўнікі ДФР апыталі больш за 100 работнікаў кампаніі.

4 верасьня стала вядома аб завядзеньні крымінальнай справы нібыта за крадзеж зь бюджэту супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі:

  • дырэктара Дзьмітрыя Рабцэвіча;
  • мэнэджара па прадукце Віктара Куўшынава;
  • бухгальтаркі Юліі Шардыкі;
  • HR Уладзіслава Міхалапа.
Віктар Куўшынаў, Дзьмітры Рабцэіч, Уладзіслаў Міхалап, Юлія Шардыка
Віктар Куўшынаў, Дзьмітры Рабцэіч, Уладзіслаў Міхалап, Юлія Шардыка

Паводле вэрсіі сьледзтва, яны як група асобаў, выкарыстоўваючы службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі памерам каля 107 тысяч рублёў зь бюджэту.

11 верасьня 2020 году супрацоўнікам кампаніі было выстаўлена абвінавачаньне, але ўжо паводле іншага артыкулу: не за крадзеж зь бюджэту, а за махлярства (частка 4 артыкулу 209).

Крымінальны перасьлед сваіх супрацоўнікаў кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада зьвязваў з праектам дапамогі сілавікам, якія звольніліся. 15 верасьня 2020 году Мікіта Мікада абвясьціў, што прыпыніў праект дапамогі. 23 верасьня 2021 году стала вядома, што кампанія PandaDoc дамаглася зьняцьця арышту са свайго рахунку. Для гэтага кампанія пералічыла на дэпазыт Сьледчага камітэту 107 тысяч рублёў.

11 кастрычніка 2020 году дырэктара PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. 13 кастрычніка зьмянілі меру стрыманьня яшчэ дваім фігурантам справы — Юліі Шардыцы і Ўладзіславу Міхалапу.

Мэнэджар PandaDoc Віктар Куўшынаў быў вызвалены толькі 20 жніўня 2021 году, амаль год ён прабыў за кратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG