Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы Ірыне Слаўнікавай і яе мужу прысудзілі чарговыя 15 сутак арышту


Журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандар Лойка. Архіўнае фота.
Журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандар Лойка. Архіўнае фота.

Судзілі нібыта за «дробнае хуліганства».

Справу Аляксандра Лойкі разглядаў судзьдзя Першамайскага раёна Менска Максім Трусевіч, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Паводле БАЖ, сьведка-міліцыянт на судзе нават ня змог успомніць, ува што быў апрануты Лойка.

На яго думку, незадаволенасьць знаходжаньнем у РУУСе, павышаны тон гаворкі і актыўная жэстыкуляцыя — гэта і ёсьць «дробнае хуліганства». У выніку, судзьдзя Трусевіч прызнаў Аляксандра вінаватым і зноў пакараў 15-сутачным арыштам.

Сужэнцаў затрымалі 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Пасьля затрыманьня Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку 1 лістапада судзьдзя Першамайскага раёну Максім Трусевіч асудзіў на 15 сутак арышту нібыта за захоўваньне ў Facebook «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Падчас працэсу Аляксандар расказаў, што іх з Ірынай затрымалі на пашпартным кантролі, закавалі ў кайданкі і не далі забраць багаж. Лойка адзначыў, што Ірыну затрымлівалі больш жорстка, чым яго.

Да суду ён быў на Акрэсьціна ў двухмеснай камэры, дзе агулам знаходзяцца 10 чалавек. Таксама 4 лістапада стала вядома, што жаночая камэра, у якой утрымлівалі Ірыну Слаўнікаву, абвясьціла групавую галадоўку празь нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня зьняволеных.

Пасьля пачалі судзіць журналістку Ірыну Слаўнікаву, той жа судзьдзя Максім Трусевіч другі раз запар асудзіў Ірыну Слаўнікаву.

Журналістку таксама абвінавацілі ў «дробным хуліганстве». Але па словах сьведкі-міліцыянта «агрэсіўныя паводзіны» ў Ірыны пачаліся пасля таго, як яна заўважыла, што на мужа складаюць новы пратакол.

Судзьдзя Трусевіч арыштаваў Слаўнікаву па арт. 19.1 КаАП на чарговыя 15 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG