Рэйс адправіць дадому мігрантаў, якія не змаглі трапіць у краіны Эўразьвязу, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Іраку Ахмэд аль-Сахаф.
Ён таксама адзначыў, што справа зь мігрантамі на мяжы Эўразьвязу набыла палітычны характар, і ў МЗС Іраку падазраюць, што многія іракцы незаконна атрымалі ўязныя візы ў Беларусь.
Раней улады Іраку прыпынілі прамыя рэйсы ў Беларусь, а таксама закрылі два ганаровыя консульствы Беларусі ў сваёй краіне.
Пад пагрозай санкцый розныя авіякампаніі з Блізкага Ўсходу спынілі палёты ў Беларусь або перасталі пускаць на борт грамадзян Сырыі, Іраку і Емэну.
На беларуска-польскай мяжы застаюцца буйныя групы мігрантаў, якія часам спрабуюць прарвацца ў Польшчу, а беларускія сілавікі раздаюць людзям інструкцыі, у якіх месцах гэта лепей рабіць, і выдаюць інструмэнты для зьнішчэньня агароджы.