Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры сцэнары разьвіцьця міграцыйнага крызісу: ад самага рызыкоўнага да найбольш верагоднага


У лягеры мігрантаў на мяжы
У лягеры мігрантаў на мяжы

Тысячы мігрантаў застаюцца ля мяжы Эўразьвязу, а зіма набліжаецца. Што будзе далей — магчымыя сцэнары камэнтуе эўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус.

Сцэнар № 1. Польшча і Літва прапускаюць мігрантаў

Я б сказаў, што няма рашэньня, куды пускаць. Літва можа прыняць пэўную колькасьць мігрантаў, але, напэўна, не ўсіх, хто зьяўляецца на мяжы, і мы дакладна ня ведаем, колькі іх. А куды яны пойдуць? Я ня чую ніякіх аптымістычных сыгналаў з боку Нямеччыны ці, скажам, іншых заходнеэўрапейскіх краін, таму гэты сцэнар мне не падаецца рэалістычным.

Сцэнар № 2. Польшча і Літва пакідаюць межы на замку

Пятрас Аўштравічус, сябра групы Renew Europe у Эўрапарлямэнце
Пятрас Аўштравічус, сябра групы Renew Europe у Эўрапарлямэнце

Вельмі нявызначаная сытуацыя з гэтай нагоды. Ніхто ня ведае, што будзе адбывацца ў лягерах, разьбітых на мяжы. Могуць быць розныя сцэнары. Скажам так, Ірак ці амбасада Іраку ў Маскве возьмецца за больш арганізаваныя дзеяньні па вяртаньні сваіх грамадзянаў назад у Ірак. Гэта магчыма. Але я думаю, што гэтая нявызначаная сытуацыя будзе працягвацца, бо я ня бачу ніякіх дзеяньняў з боку Менску, каб выйсьці з гэтай сытуацыі.

Гэта значыць, што мы тут гаворым ужо не пра дні, а пра яшчэ большы прамежак часу. І ў гэтым сцэнары я прадбачу толькі адну магчымасьць: што толькі частка бежанцаў зможа трапіць у Літву ці ў Польшчу з гуманітарных меркаваньняў.

Сцэнар № 3. Сутыкненьні на межах

Гэта самы рызыкоўны сцэнар, самы неспрыяльны і той, які можа падарваць рэгіянальную бясьпеку. Але дзеяньні, за якія ўзялася Расейская Фэдэрацыя, гэта значыць манэўры, якія былі не абвешчаныя загадзя, за пяць кілямэтраў ад мяжы зь Літвой і 15-20 кілямэтраў ад мяжы Польшчай, — я разглядаю як вялікую правакацыю, якая ўсё ж такі паказвае, што ўцягваньне расейскага боку становіцца ўсё больш і больш рэальным.

Ведаючы, якія ўвогуле адносіны цяпер паміж Захадам і Расеяй, верагоднасьць такога радыкальнага разьвіцьця здаецца мне не нулявой. І, дарэчы, я ня ведаю, наколькі кантралюе сытуацыю сам Лукашэнка. Па-мойму, ён ужо проста стаў цацкай у гэтай гульні. Гэта яшчэ падвышае меру рызыкі ў гэтым сцэнары, таму гэта самае дрэннае, што можа здарыцца, трэба рабіць усё магчымае, каб і Масква, і Менск зразумелі, зь якім агнём яны гуляюць.

Сцэнар № 4. Мігранты пакідаюць Беларусь

Я думаю, што гэта магчыма. Я не магу прадбачыць, якая колькасьць гэтых людзей можа патрапіць у гэты сцэнар. Я думаю, што ня ўсе будуць зацікаўленыя ў вяртаньні на сваю радзіму. Але тыя, што параўнальна доўга знаходзяцца ў Беларусі і ўбачылі ўсё на свае вочы, адчулі, я ня ведаю, як тут сказаць, гасьціннасьць Лукашэнкі, што значыць быць так званым «культурным турыстам» у Беларусі, яны, напэўна, думаюць аб вяртаньні дадому. Але ня ўсё, мусіць, таму што не ва ўсіх ёсьць куды вяртацца. Па-мойму, людзі, якія заплацілі 10 тысяч і больш даляраў за сваю паездку ў Менск, — яны нібы на лёдзе. Таму яны будуць старацца ўсімі сіламі застацца.

Дарэчы, адзін са сцэнараў, які я мог бы прапанаваць да разгляду, — гэта частка мігрантаў адыдзе да беларуска-ўкраінскай мяжы і паспрабуе перайсьці ва Ўкраіну, а там ужо глядзець, як складуцца справы. Таму я думаю, што аднаго рашэньня па адлёце і вяртаньні ня будзе.

  • Беларусь і Ўкраіна маюць пагадненьне аб рэадмісіі, якое прадугледжвае законныя мэханізмы вяртаньня незаконных мігрантаў. «Яно дзейнічае, хоць мы не выключаем, што Беларусь можа пайсьці на той крок, каб не прымаць назад уцекачоў, але ў далейшым можна будзе выкарыстоўваць мэханізмы прымусовага выдварэньня або вяртаньня іншаземцаў у краіну, зь якой яны прыбылі, у краіну паходжаньня або ў трэцюю краіну», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
  • Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны 12 лістапада паведаміла пра вынікі спэцыяльнай апэрацыі «Мяжа-2021», якая праходзіла на мяжы з Расеяй і Беларусьсю ў верасьні — кастрычніку. Згодна зь імі, на беларуска-ўкраінскай і расейска-ўкраінскай мяжы за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы затрымалі 64 асобы, у тым ліку 22 мігранты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG