На беларускім баку мяжы з Польшчай будуюць намётавы лягер для мігрантаў. ВІДЭА

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы 12 лістапада разьмясьціла ў Twitter відэа таго, што сёньня адбываецца на беларуска-літоўскай мяжы.

На ім відаць, як на самазвале мігрантам падвозяць сьсечаныя дрэвы. Па пэрымэтры мяжы стаяць намёты, а таксама буданы, зробленыя з галінаў хваёвых дрэў.

«Зь беларускага боку ідзе падрыхтоўка да стварэньня вялікага лягера для мігрантаў на мяжы з Польшчай. Беларускія службы дастаўляюць неабходныя матэрыялы», — гаворыцца ў паведамленьні МУС Польшчы.

  • Сытуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы ўскладнілася ў панядзелак, 8 лістапада, калі да польскай мяжы зь беларускага боку прыйшлі тысячы мігрантаў. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў на кароткі час прарваліся ў Польшчу.
  • Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
  • Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель 10 лістапада правяла тэлефонную размову з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, папрасіўшы яго паўплываць на Менск у сувязі з сытуацыяй зь мігрантамі на мяжы Польшчы і Беларусі.

У чым Польшча вінаваціць Лукашэнку?

Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.

У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер. Урад праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца ў тры наступныя тыдні.

Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.

​
XS
SM
MD
LG