Паводле інфармацыі ByPol, 12 лістапада пры ажыцьцяўленьні высадкі дэсанту расейскіх паветрана-дэсантных войск на палігоне «Гожскі» ў Горадзенскім раёне адбылося сыходжаньне двух парашутыстаў, у выніку якога закрыўся купал аднаго з парашутаў.
У выніку інцыдэнту загінулі двое вайскоўцаў узброеных сіл Расеі, афіцэр і салдат тэрміновай службы. Мінабароны пра здарэньне па стане на 16.15 не паведамляе.
Паветраны дэсант дзьвюх краін прайшоў у Горадзенскай вобласьці каля мяжы зь Літвой, паведаміла прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Згодна з паведамленьнем ведамства, дэсантаваньне зьяўляецца праверкай аднаго з кампанэнтаў сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы, якая праводзіцца ў сувязі з нарошчваньнем ваеннай дзейнасьці паблізу дзяржаўнай мяжы.
«Сёньня на палігоне „Госкі“ ажыцьцяўляецца высадка сумеснага тактычнага паветранага дэсанту ад Сіл спэцыяльных апэрацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі ў складзе зводнай батальённай тактычнай групы», — паведаміла раніцай 12 лістапада прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Паведамляецца, што задзейнічаны самалёты Іл-76 ваенна-транспартнай авіяцыі Расеі, а таксама верталёты ВПС і войскаў СПА Беларусі.
«Пасьля дэсантаваньня беларускія і расейскія дэсантнікі выканаюць шэраг вучэбна-баявых задач, у тым ліку захоп і ўтрыманьне пляцдарму, пошук і зьнішчэньне прызначаных аб’ектаў, а таксама дыверсыйна-разьведвальных груп суперніка і незаконных узброеных фармаваньняў. Па завяршэньні комплекснай адпрацоўкі ўсіх задач тактычнага дэсанту яго ўдзельнікі вернуцца ў пункты пастаяннай дысьлякацыі», — адзначыла ведамства.