МЗС Украіны: «Няма ніякага міграцыйнага крызісу ў Беларусі. Ёсьць гібрыдная вайна Расеі супраць Эўропы»

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Украіна ўзмацняе мяжу зь Беларусьсю.

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба перакананы, што міграцыйны крызіс, створаны на польска-беларускай мяжы, зьяўляецца інструмэнтам ціску Расеі на Эўропу.

«Няма цяпер ніякага, так званага, міграцыйнага крызісу ў Беларусі. Ёсьць гібрыдная вайна Расеі супраць Эўропы», — заявіў Дзьмітро Кулеба 12 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле міністра, такім чынам Крэмль стварае праблему, каб прымусіць сьвет вырашаць яе разам з Расеяй.

«Украіна заўсёды выступае за мір, справядлівасьць ды бясьпеку ў Эўропе. Нам добра вядомыя гэтыя расейскія мэтады, накіраваныя супраць дасягненьня такіх мэтаў. Мы ведаем, як ім супрацьстаяць», — дадаў ён.

Дзьмітры Кулеба паведаміў, што гэтая тэма абмяркоўвалася ў часе ягонага візыту ў ЗША на гэтым тыдні і будзе абмяркоўвацца ў Брусэлі на наступным тыдні на пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў межах падрыхтоўкі да саміту Ўсходняга партнэрства, які заплянаваны ў сьнежні.

«Ключавой тэмай маіх перамоваў у Брусэлі будзе бясьпека, практычныя крокі падтрымкі Ўкраіны з боку партнэраў на тле сытуацыі ўздоўж украінскай мяжы, а таксама на ўсходзе, у часова акупаваным Крыме і ў Прыднястроўскім рэгіёне Рэспублікі Малдова. Сытуацыя сур’ёзная, і мы працуем над максымальнай мабілізацыяй нашых партнэраў», — удакладніў украінскі міністар.

«Украіна ўжо ўзмацніла мяжу зь Беларусьсю. Мы працуем з партнэрамі для мінімізацыі энэргетычных рызыкаў, але падкрэсьліваю, што сытуацыю варта разглядаць у комплексе. Разам з інфармацыяй пра падрыхтоўку Расеяй новага этапу агрэсіі супраць Украіны ўсе гэтыя зьявы складаюць адзіны гібрыдны фронт Расеі супраць эўра-атлянтычнай прасторы», — падкрэсьліў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

​
XS
SM
MD
LG