Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Эміліі Плятэр, год таму — ушанаваньне памяці Рамана Бандарэнкі, забітага напярэдадні


Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, праспэкт Незалежнасьці, Менск, 13 лістапада 2021 г.
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, праспэкт Незалежнасьці, Менск, 13 лістапада 2021 г.

Падзеі 13 лістапада ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

13 лістапада 1806 году нарадзілася Эмілія Плятэр, беларуская фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1830–1831 гадоў.

Эмілія Плятэр
Эмілія Плятэр

Калі вы бывалі ў Варшаве, то, відаць, памятаеце, што адна з цэнтральных яе вуліц названая імем графіні Эміліі Плятэр. Вам могуць з гонарам распавесьці, што гэта польская Жанна д’Арк, якая здабыла сабе вечную славу ў гераічны час вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў.

На жаль, ня кожны грамадзянін нашае краіны гатовы ў такі момант удакладніць, што Эмілія — ня полька, а беларуска-ліцьвінка. Яна ваявала з царскімі захопнікамі далёка ад Польшчы, у Беларусі, і была ня проста арыстакраткаю, але беларускаю паэткаю і фальклярысткаю, якая, да прыкладу, таленавіта выконвала народныя танцы (асабліва непараўнальнай была ў «Лепятусе») і віртуозна валодала жанрам галашэньняў.

Характарам, тэмпэрамэнтам, ахвярнасьцю яна вельмі нагадвала сваю сястру па духу з пачатку ХХ стагодзьдзя — Алаізу Пашкевіч (Цётку).

Блізкія сябры не зьдзівіліся, што, калі ў 1831-м Беларусь усьлед за Польшчай паўстала супраць расейскага панаваньня, Эмілія Плятэр пакінула ўсё — багаты дом, балі, навуковыя й літаратурныя штудыі — і далучылася да інсургентаў.

У тыя дні ёй вельмі прыдаліся яшчэ дзіцячыя захапленьні верхавой яздой і паляваньнем. Юная графіня, што некалі прайшла сымбалічны абрад пасьвячэньня ў рыцары, сваім коштам сфармавала паўстанцкі аддзел зь некалькіх сотняў добра ўзброеных ваяроў і, убраўшыся ў мужчынскую вопратку, ачоліла яго.

Аддзел вёў жорсткія баі з карнікамі ў Інфлянтах і на Віленшчыне, вызваліў ад расейцаў Езяросы (цяпер Зарасай у Літве), а пазьней вызначыўся ў бітве пад Коўняй.

Здарылася нечуваная рэч — дваццаціпяцігадовай жанчыне надалі званьне капітана. Яе прызначылі камандаваць бывалымі жаўнерамі, сярод якіх былі тыя, хто ў маладосьці ваяваў пад штандарамі Тадэвуша Касьцюшкі.

Побач з Эміліяй заўсёды была ад’ютантка Марыя Прушынская. У аддзеле ваявала і настаўніца-шляхцянка Марыя Рашановіч, а дзесяцігадовая Валерыя Ражазінская стала выведніцай.

Сьмерць выбірае лепшых. Зьнясіленая ў баях і паходах, нялёгкіх і для загартаваных мужчын, Эмілія цяжка захварэла. Яе сыход у сьнежні 1831-га сымбалізаваў скон усяго паўстаньня.

Вестка пра гераізм ліцьвінкі, што змагалася з расейскай тыраніяй, шырока разьляцелася па сьвеце. Свае творы прысьвяцілі ёй дзясяткі паэтаў у Францыі, Брытаніі, Італіі, Нямеччыне, Польшчы... Адам Міцкевіч адгукнуўся вершам «Сьмерць палкоўніка», дзе павысіў гераіню ў вайсковым рангу.

Ці ёсьць у гарадах Беларусі сярод мноства вуліцаў Кляры Цэткін, Розы Люксэмбург і Надзеі Крупскай хоць адна, названая ў гонар нашай Жанны д’Арк?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.28-29.

У гэты дзень год таму

  • У Беларусі і сьвеце ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі, які памёр 12 лістапада пасьля выкраданьня невядомымі і зьбіцьця.
  • Сьледчы камітэт выклаў сваю вэрсію сьмерці Рамана Бандарэнкі: «Ён быў п’яны».
  • Расьсьледаваньне справы Бандарэнкі забралі ў Сьледчага камітэту і перадалі ў Генэральную пракуратуру.
  • Прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям прызнаная падазраванай у крымінальнай справе.
  • Масачны рэжым увялі ў Горадні, Берасьці і Баранавічах.

Таксама ў гэты дзень

1655 — войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандай гетмана Паўла Сапегі здабыла перамогу над маскоўскім войскам на рацэ Лясной каля Берасьця.

1851 — пачала дзейнічаць тэлеграфная служба паміж Лёнданам і Парыжам.

1851 — уведзена ў эксплюатацыю чыгунка паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам.

1915 — у Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа.

2015 — адбылася сэрыя тэрарыстычных атак у Парыжы.

У гэты дзень нарадзіліся

1836 — Яраслаў Дамброўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў, генэрал Парыскай камуны.

1850 — Роберт Льюіс Стывенсан, ангельскі пісьменьнік.

Ілюстрацыя да раману Стывэнсана «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіля і містэра Гайда»
Ілюстрацыя да раману Стывэнсана «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіля і містэра Гайда»

У памяці

1593 — Сымон Будны, асьветнік, пісьменьнік, грамадзкі і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

Сымон Будны
Сымон Будны

1943 — Уладзіслаў Казлоўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, паэт, выдавец. Быў адным з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі ў 1930-я гады. Застрэлены савецкімі партызанамі ў Менску ў рэдакцыі «Беларускай газэты», галоўным рэдактарам якой быў.

1989 — Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1968 году. З 1983 — прафэсар катэдры беларускага мовазнаўства. Складальнік зборнікаў крылатых словаў і афарызмаў, прыказак і прымавак.

Фёдар Янкоўскі
Фёдар Янкоўскі

2007 — Цімох Вострыкаў, удзельнік антысавецкага збройнага Супраціву пач. 1950-х, палітвязень, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.

Цімох Вострыкаў
Цімох Вострыкаў

Калі ў 1990-я мне даводзілася прыяжджаць на творчыя сустрэчы ў Гомель, у залі нязьменна прысутнічаў паважны немалады чалавек з маладымі вачыма — Цімох Якімавіч Вострыкаў. Ягоныя пытаньні сьведчылі: з айчыннай гісторыяй ён знаёмы ня горш за ўнівэрсытэцкага выкладчыка.

Тады я ня ведаў: у мардоўскіх лягерных бараках ён з памяці напісаў працу, дзе вызначаў месца знаходжаньня летапіснай Літвы і даводзіў правы беларусаў на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Цімохаў бацька, перакананы вораг калгаснага ладу, загінуў у ГУЛАГу. Вострыкаў-малодшы з раньняга юнацтва ненавідзеў камуністаў, але перакананым беларускім патрыётам зрабіўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне. Цімох стаў сябрам славутай беларускай «Дванаццаткі», пра якую распавёў у аднайменнай кнізе ягоны паплечнік, яшчэ адзін гімназіст-купалавец Янка Запруднік.

У Вялікабрытаніі хлопцы зараблялі працаю на вугальных шахтах, выдавалі часопіс «Наперад», падпісалі сакрэтную дамову, што становяцца на шлях змаганьня за беларускую незалежнасьць і, калі спатрэбіцца, возьмуць у рукі зброю. Праз два гады ў абліччы беларускага дзеяча Барыса Рагулі яны, можна сказаць, сустрэлі свой лёс. Бальшыня зрабілася студэнтамі Лювэнскага ўнівэрсытэту.

Але Цімох правучыўся там няпоўныя два гады: ягоная натура прагла іншае дзейнасьці. У жніўні 1952-га ён як прадстаўнік Рады БНР разам з трыма таварышамі дэсантаваўся ў Налібацкай пушчы. Групу (у выніку здрады аднаго парашутыста) гэбісты выкрылі цягам лічаных дзён.

Тры гады Цімоха спрабавалі выкарыстаць у складанай радыёгульні з амэрыканцамі, але дэсантнік вёў уласную гульню. Урэшце расчараваныя байцы нябачнага фронту аддалі Вострыкава пад суд. Тэрмін (25 гадоў) ён адбыў амаль цалкам. У кожным з чатырох лягераў, дзе сядзеў, яму ўдавалася ствараць беларускую суполку. За моцнай гарбаткай займаліся мовай, гісторыяй, спрабавалі сабраць беларускія бібліятэчкі. Тут прадстаўнік Рады БНР меў добрых памагатых. Адначасова зь ім за калючым дротам трымалі «злоснага нацыяналіста» філёляга Браніслава Ржэўскага, беларускага пастара Эрнста Сабілу, Міхася і Лявона Белых — пляменьнікаў Якуба Коласа, асуджаных «за антысавецкую прапаганду» (пашыралі верш у абарону беларускай мовы).

З надыходам незалежнасьці Цімох, які ўсё ранейшае жыцьцё нібыта хадзіў па мінным полі, далучыўся да гомельскай беларускай грамады, выступаў перад моладзьдзю, напісаў найцікавейшыя ўспаміны. Журналіст Анатоль Гатоўчыц да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі выдаў пра яго кнігу «Адысэя капітана БНР».

На надмагільным помніку Вострыкаву, пастаўленым на ўзвышшы над зялёным поплавам, дзе віецца Іпуць, два словы: Змагару і Беларусу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.582-583.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG