Эўразьвяз адказаў на пагрозы Лукашэнкі перакрыць транзыт газу ў Эўропу, падкрэсьліўшы, што не дазволіць запалохаць сябе. «У пытаньнях паставак газу мы павінны максымальна выкарыстоўваць нашыя адносіны з краінамі-пастаўшчыкамі — дзяржавамі Афрыкі, Нарвэгіяй, Расеяй, і мы не дазволім Лукашэнку запалохаць нас сваімі пагрозамі», — цытуе DW заяву эўракамісара па энэргетыцы Паола Джэнтылоні на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.
Джэнтылоні пацьвердзіў, што пытаньні бясьпекі паставак газу ў краіны ЭЗ будуць уключаныя ў абаронную канцэпцыю Эўразьвязу пад назвай «Стратэгічны компас ЭЗ», якая будзе зацьверджаная ў наступным годзе.
- Сёньня Аляксандар Лукашэнка ў адказ на намер Эўразьвязу і ЗША пашырыць санкцыі заявіў, што заходнім палітыкам трэба «думаць перад гэтым», піша Інтэрфакс-Захад. Таксама ён прыгразіў перакрыць у выпадку закрыцьця межаў зь Беларусьсю газаправод Ямал — Эўропа, матываваўшы гэта тым, што ня спыніцца ні перад чым дзеля «абароны сувэрэнітэту». «Мы абаграваем Эўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамэндаваў думаць перш, чым гаварыць».