Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 4 тысячы чэхаў падпісаліся за вызваленьне Марыі Калесьнікавай


Удзельніцы перадачы пэтыцыі ў беларускую амбасаду за вызваленьне Марыі Калесьнікавай, Прага, 11 лістапада 2021
Удзельніцы перадачы пэтыцыі ў беларускую амбасаду за вызваленьне Марыі Калесьнікавай, Прага, 11 лістапада 2021

Пэтыцыя за вызваленьне Марыі Калесьнікавай была сёньня перададзеная ў беларускую амбасаду ў Празе.

Ініцыятарам стала чэская філія праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Паводле кіраўніцы арганізацыі Лінды Сокачавай, свае подпісы пад пэтыцыяй паставілі больш за чатыры тысячы чэхаў. Сярод тых, хто прыйшоў перадаць пэтыцыю, была і сястра Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч.

Кіраўніца чэскай філіі Amnesty International Лінда Сокачава
Кіраўніца чэскай філіі Amnesty International Лінда Сокачава
Тацяна Хоміч пакідае пэтыцыю за вызваленьне сястры, Марыі Калесьнікавай, у скрынцы беларускай амбасады ў Празе.
Тацяна Хоміч пакідае пэтыцыю за вызваленьне сястры, Марыі Калесьнікавай, у скрынцы беларускай амбасады ў Празе.

Амбасада не адчыніла сваю брамку, каб прыняць дэлегацыю. Загадзя параілі пакінуць карэспандэнцыю ў паштовай скрыні. Такім самым чынам апарат амбасады калісьці сустрэў і чэскага прэзыдэнта Вацлава Гаўла, які незадоўга да сваёй сьмерці прынёс допіс з патрабаваньнем выпусьціць беларускіх палітвязьняў.

Напярэдадні Тацяна Хоміч атрымала за сваю сястру прэмію «За свабоду, дэмакратыю і правы чалавека«. Марыю Калесьнікаву, як і Франака Вячорку, такім чынам уганараваў чэскі Інстытут вывучэньня таталітарных рэжымаў.

Спадарыня Хоміч была ўчора адной з удзельніц прэсавай канфэрэнцыі, пляцоўку для якой прадставіў Нацыянальны тэатар у Празе. З апошніх навінаў пра сястру яна паведаміла, што Марыя пасьля прысуду застаецца ў менскай вязьніцы на Валадарскага. Яе зьмясьцілі ў адзіночную камэру. Яна ня страчвае аптымізму, чытае, мае магчымасьць глядзець тэлевізар (дзяржаўныя каналы). Асноўны час прысьвячае падрыхтоўцы абскарджаньня прысуду, які мае намер падаць у Вярхоўны суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG