Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларуская эканоміка расьце, нягледзячы на крызіс. Разьбіраемся


Нягледзячы на палітычны крызіс, ВУП Беларусі расьце ў межах 3%. З чым гэта зьвязана?

Санкцыі і палітычны крызіс Беларусі з 2020 году не перашкодзілі росту эканомікі сёлета. Па выніках году ВУП можа прырасьці на 2,5%.

Санкцыі пакуль ня дзейнічаюць у поўным аб’ёме

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі заўважае, што ўведзеныя санкцыі яшчэ не пачалі дзейнічаць напоўніцу.

«Санкцыі былі агучаныя, але яны не пачалі дзейнічаць у поўным аб’ёме. Пакуль дзейнічаюць санкцыі ў мінімальным аб’ёме. Сэктаральныя санкцыі ня дзейнічаюць на кантракты, якія былі падпісаныя да ўвядзеньня санкцый. Амэрыканскія санкцыі дэ-факта таксама пакуль не пачалі дзейнічаць», — кажа Леў Львоўскі.

Пакуль няма масавай эміграцыі

Пакуль эміграцыя закранула некаторыя сфэры, але ня стала масавай. Пра гэта гаворыць Леў Львоўскі.

«Масавая эміграцыя — гэта адзін з эфэктаў палітычнага крызісу. У Беларусі значная эміграцыя ў некаторых сэктарах, напрыклад у ІТ, але гэта яшчэ ня масавая эміграцыя. Гаворка пакуль ідзе пра 100–150 тысяч чалавек», — кажа Леў Львоўскі.

Расея рэфінансавала даўгі

З пачатку палітычнага крызісу Расея рэфінансавала Беларусі «каля 2 мільярдаў крэдытаў». На думку Льва Львоўскага, гэта ня вырашыла праблему, але «адклала яе».

Рост экспарту

На пачатку году Беларусь чакаў рост экспарту, у эканоміку прыйшла валюта.

«У другім і трэцім квартале 2021 году пачаўся імклівы рост экспарту, пры гэтым запаволіўся рост імпарту. У эканоміку паступіла валюта і дапамагла Нацбанку нарасьціць рэзэрвы і падтрымаць курс рубля. Амаль увесь сёлетні рост можна аднесьці да зьнешняга сэктару, які не закрануты санкцыямі», — кажа Леў Львоўскі.

Але ў апошнія месяцы «эканамічны цуд» пачынае канчацца. Эканоміка больш не паказвае такога росту, зазначае Леў Львоўскі.

Ён прагназуе, што год беларуская эканоміка можа скончыць з ростам ВУП на ўзроўні 2,5%.

Ці будзе пагаршэньне на пачатку наступнага году?

На сытуацыю ў эканоміцы на пачатку году паўплываюць два фактары: новы пакет санкцый і ўжо ўведзеныя раней сэктаральныя санкцыі.

«Пытаньне, наколькі Беларусь зможа абыходзіць санкцыі і ці будзе Расея падтрымліваць беларускую эканоміку і ці будзе рэфінансаваць крэдыты. У 2022 годзе трэба будзе аддаваць каля 3 мільярдаў даляраў. Калі Расея рэфінансуе большую частку, то праблема адкладзецца. Складана прадказаць і ўплыў санкцый. Але цяпер сам урад кажа пра нэгатыўныя тэндэнцыі ў 2022 годзе, тое ж прадказваюць і міжнародныя інстытуты», — кажа Леў Львоўскі.

Fitch: прагноз крэдытнага рэйтынгу нэгатыўны

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пацьвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні B з нэгатыўным прагнозам.

У аглядзе Fitch Ratings адзначаецца, што эканамічныя паказчыкі 2021 году пакуль што пераўзышлі чаканьні. Сярод фактараў, якія гэтаму спрыялі, называюць добрую вонкавую каньюнктуру для ключавых сэктараў беларускай эканомікі з высокімі цэнамі на прадукты нафтахімічнай прамысловасьці і ўгнаеньні. Свой унёсак у гэты рост робіць і ІТ-сэктар, нягледзячы на адток кваліфікаваных спэцыялістаў пасьля палітычных падзеяў 2020 году, пішуць экспэрты агенцтва.

Таму па выніках году Fitch прагназуе 2,1% эканамічнага росту, параўнальна з прагнозам 0,7% у папярэднім аглядзе сёлета ў траўні.

Аднак прагноз росту на 2022 год — толькі 0,3%, бо, паводле Fitch, базавыя фактары росту аслабнуць, а ўплыў эканамічных санкцый павялічыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG