Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь філярмоніі пасьля прэмʼеры звольнілі кампазытарку Ларысу Сімаковіч


Ларыса Сімаковіч
Ларыса Сімаковіч

31 кастрычніка ў Ларысы Сімаковіч быў апошні працоўны дзень у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Яна выйшла на сцэну, дзе гучаў яе новы твор — космамістэрыя «Край».

У пятніцу 29 кастрычніка Ларысе Сімаковіч аддалі працоўную кніжку.

Па словах кампазытаркі, намесьнік гендырэктара Андрэй Лапцёнак паведаміў, што зь ёй не працягваюць кантракт «па ўзросьце».

«У мяне скончыўся кантракт, які раней працягвалі некалькі гадоў без праблем. І раптам нечакана, хоць я магу здагадвацца пра нейкія рэальныя прычыны, намесьнік гендырэктара сказаў, што „па прычыне ўзросту“. Калі я запыталася, ці ёсьць да мяне прафэсійныя пытаньні, намесьнік адказаў упэўненым „не!“», — расказала Сімаковіч Свабодзе.

Ларыса Сімаковіч за 13 гадоў працы ў філярмоніі паставіла 11 спэктакляў, адкрыла новыя жанры для беларускага харавога мастацтва. Яна з 1992 году сябра беларускага Саюзу кампазытараў.

Апроч дзейнасьці ў якасьці прафэсійнага кампазытара, Ларыса Сімаковіч працавала на палову стаўкі вядучым рэдактарам у мэдыйных структурах філярмоніі. Яна складала анонсы і музычныя праграмкі для гледачоў. Паводле Ларысы, за амаль 13 гадоў працы ў філярмоніі яна ніводнага прадукту ня выдала на расейскай мове, а толькі на беларускай.

«Хоць у філярмоніі пераважае расейская мова. На сёньняшні дзень там не засталося ніводнага чалавека, які б валодаў у той меры беларускай мовай, як валодаю я. І калі я спыталася адносна таго, што ніводнага беларускамоўнага ў філярмоніі не застаецца, той жа намесьнік дырэктара адказаў: „Ну как-то!“. Для мяне стала ясна, што беларуская мова для гэтага чыноўніка ня ёсьць духоўнай каштоўнасьцю, — кажа Ларыса Сімаковіч. — Я думаю, што гэта адна зь першых прычын, бо беларуская мова сёньня маркер, абазначэньне пазыцыі чалавека. Гэта было пры камунізьме і пазьней».

Ларыса Сімаковіч сказала, што цяпер шукае працу, «каб ня думаць пра грошы, а пра творчасьць».

Ларыса Сімаковіч вядомая як кампазытар, балетмайстар, мастацкі кіраўнік фальклёрнага тэатру «Госьціца» і рэжысэр-пастаноўшчык, а да таго ж танцорка і сьпявачка, а таксама як музычная кіраўніца легендарнай сьпеўна-драматычнай «Майстроўні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG