Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 лістапада: затрыманьні ў Менску і Слоніме, сям'ю менчукоў дзявяты раз асудзілі на 15 сутак. Абнаўляецца

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць з палітычных прычынаў. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

Тры гады «хіміі» 23-гадоваму праграмісту за ўдзел у пратэстах

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 5 лістапада паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу на тры гады «хіміі» асудзілі 23-гадовага палітзьняволенага праграміста Мікіту Зіміна. Яго абвінавацілі ў блякаваньні праезду транспарту ў Менску 10 жніўня. Пасьля 2,5 месяца пад вартай ён выйшаў на волю, яго вызвалілі ў залі суду, паведамляе «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Мікіта Зімін «з мэтай выказваньня палітычных поглядаў і распальваньня варожасьці ў грамадзтве ўзяў удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, неаднаразова не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі. 10 жніўня 2020 году не паслухаўся патрабаваньняў супрацоўнікаў вызваліць зялёную зону для свабоднага праходу грамадзян, блякаваў каля „Рыгі“ праезд транспарту».

Віну Мікіта на судзе прызнаў цалкам. Паводле Зіміна, 10 жніўня на акцыі пратэсту ён быў са сваім сябрам Несьцяровічам (той таксама цяпер пад арыштам). Сказаў, што абмяркоўваў зь ім выбары, сымболікі ў іх пры сабе не было, мелі толькі тэлефон. Галоўным чынам былі на ходніках, на невялікі прамежак часу выходзілі на праезную частку. Некалькі разоў крычаў лёзунгі разам зь іншымі пратэстоўцамі. На момант, калі яны зь сябрам прыйшлі, дарога ўжо была перакрытая. Сам ён барыкады не будаваў.

На судзе ў якасьці доказаў віны абвінавачанага паказвалі «пакаяльныя» відэа Зіміна і яго сябра Несьцяровіча, запісаныя зь імі адразу пасьля затрыманьня ў ГУБАЗіКу.

«Менсктранс» заявіў пазоў на суму 21 667 рублёў 87 капеек за блякаваньне транспарту.

Сям'ю зь Менску дзявяты раз арыштавалі на 15 сутак

5 лістапада на 15 дзён зьняволеньня паводле ч.2 арт.19.11 КаАП Насту Крупеніч-Кандрацьеву асудзіла судзьдзя Ленінскага раёну Анастасія Ачалава, паведамляе «Вясна назірае».

Нагадаем, Наста Крупеніч-Кандрацьева за кратамі ўжо больш як 111 дзён. Яе разам з мужам Сяргеем Крупенічам затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. Муж і жонка перасылалі адно аднаму паведамленьні з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі.

Мужу Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай Сяргею Крупенічу таксама прысудзілі чарговыя 15 содняў арышту, паведамляе «Белсат». Прычына тая самая — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Анастасія правядзе агулам за кратамі 126 сутак, а яе муж — 127.

Супрацоўніцу Godel асудзілі на 15 сутак за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал

Супрацоўніцу HR дэпартамэнту Godel Technologies Вольгу Казадой затрымалі раніцай 4 лістапада супрацоўнікі САХР і ГУБАЗіК. У яе правялі два ператрусы: па месцы жыхарства і месцы рэгістрацыі. Пасьля даставілі ў ГУБАЗіК, потым — у РУУС, і на ноч да суду — у ІЧУ на Акрэсьціна, піша «Вясна назірае».

Сёньня яе справу разглядалі ў судзе Фрунзэнскага раёну. Паводле пратаколу па ч. 2 арт. 19.11 КаАП, які склалі на Вольгу, яна «захоўвала ў асабістым акаўнце матэрыялы тэлеграм-каналу «Баста», які прызнаны экстрэмісцкім». На судзе жанчына прызнала віну часткова, бо «чытае тэлеграм-каналы, але не распаўсюджвае іх».

Сьведка-міліцыянт расказаў, што Вольгу даставілі ў РУУС, «бо былі падазрэньні, што яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Паводле яго, у РУУС супрацоўнікі агледзелі тэлефон Вольгі і ўбачылі, што яна падпісаная больш як на 10 «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Вольга зьвярнула ўвагу, што тэлефон у яе забралі яшчэ ў ГУБАЗіКу, таму супрацоўнікі РУУС не маглі яго агледзець.

Нягледзячы на шматлікія памылкі і нестыкоўкі ў справе, судзьдзя Фрунзэнскага раёну Юлія Блізьнюк арыштавала Вольгу Казадой на 15 дзён.

Затрыманьні ў Менску і Слоніме

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Менску затрымалі Міхаіла Зубкова.

Праваабаронцам таксама стала вядома пра тое, што 3 лістапада ў Слоніме сілавікі затрымалі Дзяніса Жукоўскага, а 5 лістапада — Івана Крывушына. Паводле відавочцаў, затрыманьне Івана было вельмі жорсткае, яго павезьлі ў бок лесу. Дзе ён цяпер, невядома.

Звольнілі інжынэра-канструктара «Нафтана», які адседзеў 15 сутак за фота з плякатам «Я/МЫ TUT.ВY»

Менш як за тры месяцы да заканчэньня кантракту Аляксандра Балонкіна, работніка з 19-гадовым стажам працы на прадпрыемстве, які мае траіх непаўналетніх дзяцей, звольнілі загадам за подпісам генэральнага дырэктара, паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі незалежны прафсаюз — Наваполацак».

Аляксандра затрымалі 27 верасьня на працы, у Наваполацкім РАУС склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць) і прысудзілі 15 сутак. Каб пазьбегнуць звальненьня за прагул, Аляксандар спрабаваў аформіць адпачынак без захаваньня заробку ў адпаведнасьці з Калектыўнай дамовай, заяву ўзгадніў непасрэдны кіраўнік. Аднак вышэйшыя службовыя асобы адмовілі ў прадстаўленьні сацыяльнага адпачынку. Аляксандру тройчы прапанавалі «падумаць» аб заяве па пагадненьні бакоў. Ад такога варыянту ён адмовіўся.

Мін'юст ініцыяваў ліквідацыю «Беларускай асацыяцыі кёрлінгу»

Разгляд справы аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднаньня «Беларуская асацыяцыя кёрлінгу» адбудзецца ў Вярхоўным судзе 16 лістапада, паведамляецца ў раскладзе працы суду. Як заўважыў Reform.by, мяркуючы па сайце арганізацыі, для іх гэтая навіна можа стаць неспадзеўкай: на сайце паведамляецца, што рада абʼяднаньня плянуе правесьці 30 лістапада справаздачна-выбарчую канфэрэнцыю аб праведзенай рабоце за апошнія 6 гадоў, а таксама выбраць новае кіраўніцтва арганізацыі.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, на пачатак кастрычніка ў Беларусі ліквідавалі ўжо больш за 275 грамадзкіх абʼяднаньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG