Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс у мэдыцыне. Чаму Беларусь не ўратуюць высокія тэхналёгіі


Ілюстрацыйнае фота

Мэдычная сыстэма можа пасьпяхова працаваць толькі тады, калі ёсьць і новыя тэхналёгіі, і высакаклясныя спэцыялісты, якія змогуць якасна гэтыя тэхналёгіі выкарыстоўваць.

Відавочна ж, што самы таленавіты і вопытны хірург ня зробіць інавацыйную апэрацыю без адпаведнага абсталяваньня. І наадварот — лякарню можна ўкамплектаваць «па апошнім слове тэхнікі», але ніякай карысьці ад гэтага ня будзе, калі з той тэхнікай ня будзе каму працаваць.

Так, відаць, атрымаецца і ў новым кардыялягічным цэнтры ў Магілёве. Бо галоўнае пытаньне — а працаваць хто там будзе?

У Беларусі цяпер мэдычны крызіс, і недахоп спэцыялістаў грае ў ім не апошнюю ролю. Да такога маштабнага недахопу ўсё ішло даўно, але за апошні год сытуацыя рэзка абвастрылася.

Заробкі ў мэдыцыне заўжды былі нізкія, магчымасьці для замежнага навучаньня і стажыровак — абмежаваныя. Дактары празьмерна нагружаныя адміністрацыйнай працай, а пратаколы абсьледаваньняў і лячэньня часам вельмі састарэлыя. Усё гэта дэматывуе людзей і прыводзіць да эмацыйнага выгараньня.

Праца ў мэдыцыне дужа стрэсавая па сваёй прыродзе, але беларуская сыстэма заўжды ўзмацняла гэты стрэс літаральна на роўным месцы. І пры такіх умовах зусім ня дзіўна, што так шмат мэдыкаў штогод зьяжджалі практыкаваць у іншыя краіны. Бо тыя, хто заставаўся, часта рабілі гэта насуперак сыстэме, а ня дзякуючы ёй.

А пасьля пачатку пандэміі каранавірусу і пратэстаў у 2020 годзе мэдычны крызіс выйшаў на прынцыпова новы ўзровень — дактары, фэльчары і мэдсёстры ня толькі самі сыходзяць са сфэры і зьяжджаюць з краіны. Цяпер за палітычную неляяльнасьць сталі звальняць і саджаць унікальных спэцыялістаў, бо любоў да Лукашэнкі — гэта неабходная ўмова працы ня толькі для ідэолягаў, але і для мэдыкаў.

Звольнілі галоўнага лекара менскай дзіцячай лякарні, рэаніматоляга Максіма Ачарэтняга, бо ён падчас перадвыбарчай кампаніі падпісаўся за Віктара Бабарыку. Не працягнулі ў РНПЦ «Маці і дзіця» кантракт дзіцячаму рэаніматолягу Андрэю Вітушку, адтуль жа звольнілі дзіцячага кардыёляга Алену Баранаву. З РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі звольнілі траўматоляга-артапэда Рустама Айзатуліна. За тое, што не ўжываў рэпрэсіі супраць падначаленых, якія ў вольны час хадзілі на пратэсты, міністар Піневіч зьняў з пасады кіраўніка РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандра Мрочака.

Сярод палітзьняволеных — сківічны хірург Андрэй Любецкі, які працаваў у менскай дзіцячай лякарні № 4, і нэўроляг Аляксандар Цялега, які апошнім часам працаваў у Расеі, а ў Беларусь прыехаў на адпачынак.

І гэта толькі самыя вядомыя выпадкі, пра якія пісалі ва ўсіх СМІ. А колькі ўсяго звольнілі мэдыкаў з палітычных матываў? Колькі чалавек сышлі самі, каб пазьбегнуць рэпрэсій? Колькі іх зьехала? Колькі чалавек вырашылі не ісьці ў беларускія мэдунівэрсытэты, бо ня вераць, што ў Беларусі можна будзе паўнавартасна працаваць у мэдыцыне?

І з усіх гэтых пытаньняў лягічна выцякае яшчэ адно: чаго варты новы кардыялягічны цэнтар у Магілёве? Толькі пры спалучэньні таленавітых прафэсіяналаў і сучаснай тэхнікі магчымы посьпех. А ў Беларусі прафэсіяналізм мэдыкаў больш ня грае вялікай ролі. Патрабаваньні зьмяніліся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG