Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніякая новая ўлада ня будзе распускаць усе дзяржаўныя прадпрыемствы, — эканаміст Леў Львоўскі


Эканаміст Леў Львоўскі
Эканаміст Леў Львоўскі

Беларускі эканаміст Леў Львоўскі, старшы навуковы супрацоўнік BEROC, адказвае на пытаньне, чаму падае заробак, тлумачыць, чаму ўлады зараз ня могуць апускаць курс беларускага рубля, і выкладае цэлую стратэгічную праграму рэфармаваньня беларускіх прадпрыемстваў.

Сьцісла:

  • Набіраць новыя даўгі для Менску выключна праблематычна — проста таму, што іх няма ў каго браць
  • Можна ўпэўнена сказаць, што ў Беларусі скончыўся трэнд на павелічэньне заробку.
  • Тры прычыны, чаму Кітай не жадае больш укладаць у Беларусь
  • Галоўная бяда эканомікі ў тым, што ўся сыстэма ставіцца на службу стратным прадпрыемствам.

— Другі месяц запар афіцыйнай статыстыкай фіксуецца падзеньне намінальнага заробку беларусаў. З улікам таго, што інфляцыя таксама нарастае — рэальныя даходы беларусаў істотна падаюць. Чаму ўлады, якія нярэдка падтрымлівалі заробак самымі штучнымі і неэканамічнымі мэтадамі, гэта дапускаюць?

— Улады ня могуць кіраваць эканомікай уручную, нягледзячы на іхныя запэўніваньні. Сапраўды, можна штучна падтрымліваць заробкі, але тады давялося б нарошчваць унутраны і зьнешні доўг. Але зараз набіраць новыя даўгі для Менску выключна праблематычна — проста таму, што іх няма ў каго браць, акрамя Расеі. Расея перамовы вядзе, яны зацягваюцца, і ў выніку новых крэдытаў пакуль няма.

Мы пакуль ня можам казаць, ці сапраўды пачаўся новы трэнд на зьніжэньне заробкаў, але можна ўпэўнена сказаць, што скончыўся трэнд на павелічэньне заробку. У другім-трэцім квартале гэтага году сапраўды быў моцны, як на беларускія меркі, рост, што было абумоўлена замежнагандлёвым эканамічным цудам, высокімі цэнамі на беларускія экспартныя прадукты.

— А чаму гэты «цуд» ужо скончыўся?

— Гэта быў зьбег надзвычай удалых акалічнасьцяў. Таму гэта і «цуд», бо ён ня можа існаваць увесь час. Гэта не было часткай устойлівага росту — проста пашанцавала. Нейкія цэны вырасьлі, але цяпер вярнуліся да нормы. І Беларусь вяртаецца да «нормы».

— І як выглядае гэтая «норма»?

— «Норма» для Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе — гэта сярэдні рост 1–2 працэнты ў год. За 2021 гэты рост будзе вышэйшы, магчыма, каля 3 працэнтаў. Але ў 2022 годзе зьявіцца новая «норма», зьвязаная з тым, што рэальна пачнуць працаваць абвешчаныя эканамічныя санкцыі. Тады размова будзе ісьці ўвогуле пра адсутнасьць росту і рэцэсію.

— Вы ўзгадалі, што ніхто ўжо не жадае даваць Менску новыя крэдыты. Паводле статыстыкі Мінфіну, за студзень-верасень гэтага году Беларусь аддала Кітаю 406,9 мільёна даляраў, а пазычыла толькі 14,9 мільёна. Ужо і Кітай не жадае даваць Менску новыя крэдыты?

— Кітай па-за палітыкай, ён заключае толькі такія дамовы, якія выгадныя яму. Кітайцам сапраўды ня важныя парушэньні правоў чалавека, але важны свой прыбытак.

Для чаго Кітаю магла быць патрэбная Беларусь? Па-першае, стабільнае партнэрства. Але цяперашняя Беларусь не зьяўляецца такім партнэрам. Любы кантракт, падпісаны сёньня Лукашэнкам, празь ягоную нелегітымнасьць можа быць не прызнаны будучымі беларускімі ўладамі. Па-другое, нестабільнасьць унутры краіны. Лукашэнка раптам заяўляе, што дзеля «пакараньня» Эўропы можа забараніць транзыт тавараў празь Беларусь. Як Кітай можа рэагаваць на такія заявы? Пэкіну важна, каб заставаўся стабільны транзыт тавараў празь Беларусь. І па-трэцяе, Кітай мог бы ўкладаць у краіну, у якой бачыў бы пэрспэктывы эканамічнага росту — а ў выпадку Беларусі іх ня бачыць ніякая міжнародная эканамічная арганізацыя.

— Галоўная стратэгічная праблема беларускай эканомікі — дзяржаўныя прадпрыемствы, якія зьядаюць бюджэтныя грошы. Нядаўна дзяржаўны бюджэт фактычна ўзяў на сябе 600 мільёнаў даляраў даўгоў Беларускага мэталюргічнага заводу. Ці дапамог дзяржаўным прадпрыемствам сёлетні экспартны бум палепшыць свае справы?

— Праблема ў тым, што мы кепска ведаем пра рэальны стан рэчаў, бо статыстыка наладжаная такім чынам, каб хаваць пэўныя дадзеныя. І мы часта даведваемся пра маштабныя праблемы постфактум, як гэта было з БМЗ, калі ўсе ведамствы кінуліся ратаваць гэты завод.

Галоўны мінус нашай эканоміцы прыносіць ня нейкае канкрэтнае стратнае прадпрыемства, а агульная структурная неэфэктыўнасьць. Галоўная бяда эканомікі ў тым, што ўся сыстэма ставіцца на службу гэтым стратным прадпрыемствам. Яны ня проста зьядаюць грошы зь бюджэту — на іх фінансаваньне ідуць адмысловыя крэдыты. Не на прыбытковыя прадпрыемствы — а туды, куды ім загадана ісьці. Зьніжаецца якасьць кіраваньня.

Праваленыя праграмы мадэрнізацыі прывялі да таго, што мы ня можам у крызісны момант апусьціць курс рубля, як гэта робяць іншыя краіны зь незалежнымі цэнтральнымі банкамі.

— Беларусь жа столькі разоў праводзіла дэвальвацыю.

— Але цяпер галоўныя беларускія прадпрыемствы абвешаныя валютнымі крэдытамі. І ў выпадку падзеньня рубля яны проста збанкрутуюць. Так што справа ня толькі ў 600 мільёнах БМЗ, а ў тым, што праз гэта агульная эфэктыўнасьць эканамічнай сыстэмы зьніжаецца.

— Лукашэнка неаднаразова палохаў тым, што ў выпадку прыходу да ўлады «дэмакратаў» яны пазачыняюць заводы, а людзі застануцца бяз працы. Але што сапраўды давядзецца рабіць з гэтымі «флягманамі вытворчасьці», якія варыянты іх рэфармаваньня можна прапанаваць?

— У мяне тут два адказы.

Першы — агульнапалітычны. Я перакананы, што любая новая ўлада будзе больш рынкавай і дэмакратычнай за цяперашнюю. Любая новая ўлада будзе разумець, што калі яна раптоўна і хутка «зачыніць» усе гэтыя заводы, то яе чакае сацыяльны выбух і яна прайграе наступныя выбары. Таму відавочна, што ніякі дэмакратычны ўрад ня пойдзе на такія рэзкія і аднамомантавыя крокі.

Другі адказ — эканамічны. Трэба разумець, што пужалкі наконт лібэралізацыі эканомікі і прыватызацыі пераважна грунтуюцца на нэгатыўным прыкладзе расейскай прыватызацыі. Але ёсьць значна больш пазытыўныя прыклады — ад Польшчы, Чэхіі да краінаў Балтыі.

Любыя канкрэтныя пляны павінны грунтавацца на індывідуальным падыходзе да кожнага прадпрыемства, іх трэба будзе падзяліць на розныя катэгорыі.

Ёсьць такія, дзе ў цэлым усё някепска, і там нават можна стратэгічна амаль нічога не мяняць. Падвысіць зацікаўленасьць топ-мэнэджмэнту, зрабіць, каб дзяржава непасрэдна ня ўмешвалася ў апэрацыйную дзейнасьць. Гэта дазволіць пазьбегнуць канфлікту інтарэсаў, калі законы прымаюцца выключна дзеля канкрэтных прадпрыемстваў.

Другая група — прадпрыемствы, якія патэнцыйна могуць быць прыбытковымі і канкурэнтаздольнымі. Але ім замінаюць альбо памылкі мэнэджмэнту, альбо дадатковыя функцыі, навязаныя ім палітычнай уладай. Напрыклад, умоўны БелАЗ стварае канкурэнтны прадукт, і калі ў іх будзе нармальны мэнэджмэнт, наладжаная сыстэма продажаў, то ён можа стаць прыбытковым прадпрыемствам.

Трэцяя катэгорыя — прадпрыемствы, якія, відаць, нежыцьцяздольныя. Яны падпадаюць пад санацыю (аздараўленьне). Як яна будзе выглядаць, залежыць ад сацыяльнай характарыстыкі прадпрыемства. Напрыклад, прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў монагарадах, і на іх трымаецца эканоміка ўсяго гораду. Да іх стаўленьне павінна быць асаблівае, рашэньні там могуць прымацца ня хутка і з улікам сацыяльных наступстваў.

Трэба адзначыць, што да пачатку любой рэформы трэба будзе стварыць сыстэму сацыяльнага страхаваньня. Беларусь, якая называе сябе «сацыяльна арыентаванай дзяржавай», — ці не адзіная дзяржава, якая ня мае рэальнай дапамогі па беспрацоўі. Таму да пачатку любой рэформы трэба будзе стварыць пэўныя сацыяльныя гарантыі на рынку працы — у тым ліку дзяржаўную дапамогу пры перакваліфікацыі, праграму падтрымкі ўнутранай мабільнасьці ды іншае.

Некаторыя заводы можна будзе прыватызаваць з адмысловымі сацыяльнымі ўмовамі. То бок на іх тэрыторыі і магутнасьцях будзе адкрывацца нейкае новае прадпрыемства, але патэнцыйным інвэстарам будзе пастаўлена ўмова захаваць асноўную працоўную сілу. Галоўнае — каб на рынак працы ня хлынула адначасова шмат вызваленых кадраў.

У Расеі галоўны нэгатыў рэформаў у 90-я быў у тым, што даводзілася рабіць іх вельмі хутка. У нас няма неабходнасьці так сьпяшацца, таму ёсьць магчымасьць прымяняць індывідуальны падыход да многіх прадпрыемстваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG