Старшыня парлямэнцкай камісіі міжнародных спраў Андрэй Савіных заявіў, што беларуская мяжа кепска ахоўваецца, чым і карыстаюцца мігранты, паведамілі «Мінск-навіны».
«Мы па сутнасьці ёсьць краінай транзыту. Яны ўбачылі, што мяжа паміж Літвой і Беларусьсю кепска ахоўваецца, і пачалі выкарыстоўваць гэта ў сваіх мэтах. І тут мы зрабіць нічога ня можам. Калі нам удаецца затрымаць парушальнікаў на падыходзе да мяжы, мы адпраўляем іх назад. Але многія праточваюцца, бо стопрацэнтная ахова межаў патрабуе вельмі сурʼёзных мераў і ўкладаньняў», — сказаў Савіных.
Да моманту пераходу мяжы, паводле Савіных, мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі легальна.
«Міністэрства замежных спраў праводзіць вельмі старанную сэлекцыю і выдае візы толькі па запрашэньнях ад канкрэтных турыстычных фірмаў. Яны функцыянуюць у Беларусі, прапаноўваюць поўны камплект паслуг і маюць адпаведную рэгістрацыю», — сказаў сярод іншага Савіных.
Тым часам жыхары Расьнянскага сельсавету Камянецкага раёну звярнуліся падчас выязнога прыёму да свайго начальніка міліцыі Віктара Водчыца з пытаньнямі наконт шматлікіх уцекачоў, піша газэта «Навіны Камянеччыны».
Людзі прызнаваліся, што непакояцца за сваю бясьпеку, бо іншаземцы «бескантрольна блукаюць па навакольных вёсках».
Начальнік Камянецкага РАУС адказаў, што дзеяньні мігрантаў у раёне знаходзяцца «пад пільным кантролем». Маўляў, яны разьбіваюць намётавыя лягеры і чакаюць магчымасьці прадоўжыць свой шлях у Эўропу.
У выпадку неадпаведных паводзінаў усе будуць вернуты ў свае краіны, паабяцаў міліцэйскі чыноўнік.