Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў Рызе падчас хакейнага чэмпіянату сьвету, прадалі за 12600 даляраў


Мэр Рыгі Мартыньш Стакіс на фоне беларускага нацыянальнага сьцяга. Рыга, 24 траўня 2021

Падчас травеньскага чэмпіянату сьвету ў хакеі мэрыя Рыгі памяняла дзяржаўны сьцяг Беларусі на нацыянальны. Днямі тое палотнішча выставілі на дабрачынны аўкцыён.

Як вынікае з сайту аўкцыёну, цяпер яго прадалі за 12600 даляраў.

Мэр Рыгі Марціньш Стакіс раней расказаў, што паслужыла падставай для замены чырвона-зялёнага сьцяга на бел-чырвона-белы падчас хакейнага форуму ў Рызе.

«Па-першае, мы хацелі выказаць салідарнасьць з народам Беларусі і беларускай апазыцыяй. Па-другое, немагчыма зьмірыцца з тым, што адбываецца ў Беларусі, як можна сагнаць самалёт Эўразьвязу, катаваць і забіваць людзей. Усё гэта робіць рэжым, які вядзе сябе па-бандыцку. Мы ня можа з гэтым пагадзіцца. Таму зрабілі такі ўчынак», — патлумачыў мэр Рыгі.

24 траўня ў цэнтры латвійскай сталіцы мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй на месцы, дзе віселі на мачтах сьцягі краінаў – удзельніц чэмпіянату сьвету ў хакеі. Яны адзначылі, што «сьцяг, які сымбалізуе рэжым, што займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі».

Пасьля гэтага зь Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпляматычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Латвія адказала сымэтрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Генпракурор Беларусі Андрэй Швед пачаў крымінальную справу за распальваньне нацыянальнай варожасьці ў дачыненьні да мэра Рыгі Мартыньша Стакіса і міністра замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарcа Рынкевічcа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG