Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ асудзіў рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў у Беларусі

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рык Дамс, архіўнае фота
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рык Дамс, архіўнае фота

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рык Дамс «рашуча асудзіў» рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў у Беларусі.

Ён заклікаў беларускія ўлады «ў поўнай меры паважаць правы на свабоду асацыяцый, сходаў і выказваньня меркаваньняў, а таксама ўсе іншыя правы чалавека, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога зьяўляецца Беларусь», паведамляе прэс-служба ПАРЭ.

«У апошнія тыдні сытуацыя з захаваньнем асноўных правоў чалавека ў Беларусі стала ўсё больш непакоіць мяне, а таксама, у шырэйшым кантэксьце, Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, — адзначыў ён. — Працяглыя і зусім неабгрунтаваныя турэмныя тэрміны для двух лідэраў апазыцыі — Марыі Калесьнікавай, ляўрэата прэміі ПАРЭ імя Вацлава Гавэла ў гэтым годзе, і Максіма Знака — шакавалі большасьць людзей у Эўропе».

Дамс падкрэсьліў, што судовыя прысуды Калесьнікавай і Знаку — «не адзіны прыклад палітычнага перасьледу ў Беларусі»:

«Прынамсі 30 праваабаронцаў, некаторыя зь якіх супрацоўнічалі з Радай Эўропы, застаюцца ў папярэднім зьняволеньні, некаторыя зазнаюць крымінальны перасьлед або іншыя формы перасьледу. Некаторыя знаходзяцца ў выгнаньні», — адзначыў Рык Дамс.

Па словах Дамса, асабліва ён занепакоены тым, што пад вартай застаюцца 7 сябраў праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая займаецца дакумэнтаваньнем парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Сярод іх — тры лідэры «Вясны», у тым ліку Алесь Бяляцкі, яшчэ адзін ляўрэат прэміі імя Вацлава Гавэла.

Дамс таксама зазначыў, што зь ліпеня ў Беларусі ліквідуюцца няўрадавыя арганізацыі, у тым ліку тыя, якія працавалі ў сфэры абароны правоў чалавека, уключаючы Беларускі Хэльсынскі камітэт, «Прававую ініцыятыву» і «Зьвяно».

XS
SM
MD
LG