Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папуляцыя зуброў у Белавескай пушчы ўдвая перавысіла аптымальны ўзровень. Прапануюць адстрэльваць хворых і зьнясіленых


Зубры пераходзяць палявую дарогу. Белавеская пушча

Навукоўцы падчас апошняга перапісу ў Белавескай пушчы налічылі 675 асобін зуброў, што ўдвая перавышае аптымальны паказьнік для колькасьці гэтага віду на тэрыторыі запаведніка.

Як перадае тэлеканал «Мир 24», у Белавескай пушчы пералічваюць зуброў штогод бліжэй да зімы, калі яны па некалькі сотняў зьбіваюцца ў вялікія статкі. І хоць запаведнік раскінуўся на 160 гектарах, для іх расьсяленьня прыдатна менш за палову тэрыторыі.

Па словах навуковага супрацоўніка нацыянальнага парку «Белавеская пушча» Аляксея Буневіча, патрабуецца шмат грошай, каб падкарміць папуляцыю такога памеру ў пэрыяд халадоў. Акрамя таго, некаторыя пачалі заходзіць на сельскагаспадарчыя палеткі.

«Гэта ня фэрма, і тут нельга трымаць бясконцую колькасьць зуброў», — адзначыў навуковец.

На тэрыторыі Беларусі пражывае звыш 2 тысяч зуброў, таму паўстала неабходнасьць рэгуляваньня колькасьці жывёлін гэтага чырванакніжнага віду.

Адзін з варыянтаў — пашырэньне рэзэрвовага фонду, куды ўносяць старых і хворых зуброў, на якіх дазваляецца паляваньне. Цяпер у яго прапануюць дадаваць зьнясіленых і зусім слабых асобін. Такое паляваньне папулярнае ў іншаземцаў, якія гатовыя плаціць да 10 тысяч эўра.

Другі мэтад рэгуляцыі — перасяленьне зуброў ня толькі на тэрыторыі Беларусі, а і ў замежныя папуляцыі. Галоўнае пры гэтым — захаваць здаровы генафонд і ня страціць шматвяковы сымбаль краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG