Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэраў ва Ўзбэкістане замыкаюць і прымушаюць пісаць заявы аб «добраахвотнай» перадачы земляў дзяржаве


Збор бавоўны ва Ўзбэкістане
Збор бавоўны ва Ўзбэкістане

Фэрмэры ў Ташкенцкай і Андыжанскай вобласьці расказалі журналістам узбэцкай службы Радыё Свабода, што мясцовыя чыноўнікі зачыняюць іх пад замок пры дапамозе супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прымушаюць пісаць заявы аб «добраахвотнай» перадачы дзяржаве зямель, якія знаходзяцца ў іх у арэндзе.

«Першы выпадак, калі фэрмэраў масава прымусілі напісаць такую заяву, адбыўся 17 кастрычніка, — расказаў фэрмэр з Букінскага раёну, які не захацеў раскрываць сваё імя. — Намесьнік хакіма Ташкенцкай вобласьці Улугбек Узокаў асабіста замкнуў усіх фэрмэраў на збожжасховішчы і заявіў ім: „Сёньня нядзеля, у мяне ёсьць вольны час да вечара, зараз усе вы напішаце заяву аб перадачы земляў“. Каля дваццаці фэрмэраў напісалі заяву. Потым нешта здарылася, Узокаў перапыніў сход і паехаў».

«21 кастрычніка, чацьвер. Хакім раёну Нізамідзін Абосаў і начальнік міліцыі сабралі фэрмэраў у будынку мясцовага каледжа і прымусілі іх напісаць заяву аб тым, што яны добраахвотна перадаюць зямельныя плошчы, што знаходзяцца на балянсе фэрмэрскай гаспадаркі, у рэзэрвовы фонд, — расказаў іншы фэрмэр з Букінскага раёну, які таксама пажадаў застацца невядомым. — Сказалі, што ўказваць якую-небудзь прычыну ня трэба, проста трэба даць згоду».

Фэрмэр падкрэсьлівае, што ніякай кампэнсацыі фэрмэрам за страту зямлі чыноўнікі не прапанавалі. Хоць, нагадвае ён, артыкул 24 Зямельнага кодэксу кажа, што датэрміновае спыненьне дамовы субарэнды зямельнага ўчастка сельскагаспадарчага прызначэньня робіцца толькі пры згодзе бакоў. А пры недасягненьні такога пагадненьня — паводле судовага рашэньня.

«Але нашы ж чыноўнікі самі выступаюць і законам, і судом, і выканаўчым органам!» — абураецца ён.

Яшчэ адзін фэрмэр з таго ж раёну ўспамінае, што фэрмэраў прымушалі пісаць такія заявы і раней: і ў пэрыяд праўленьня Карымава, і калі дзейны кіраўнік дзяржавы Шаўкат Мірзіёеў быў прэм’ер-міністрам. І тое ж самае працягваецца і цяпер.

Чыноўнік, які назваўся памочнікам кіраўніка Букінскага раёну Цімурам, не пацьвердзіў, што фэрмэраў прымушаюць аддаваць землі дзяржаве.

«Гэта няправільная інфармацыя, зараз у хакіміятаў няма паўнамоцтваў у адабраньні і выдзяленьні зямель. Такога ў нашым раёне яшчэ назіралася!» — заявіў ён.

Аднак узбэцкая служба Радыё Свабода выявіла аналягічныя выпадкі я толькі ў Ташкенцкай вобласьці, але і ў Андыжанскім раёне аднайменнай вобласьці.

«Усіх фэрмэраў выклікалі ў раённы хакіміят і прымусілі напісаць заяву, што калі фэрмэр ня выканае ў пяцідзённы тэрмін дамову аб бавоўне, дык ён у добраахвотным парадку перадасьць сваю зямлю ў рэзэрвовы фонд раёну. Іхная мэта — перавесьці гэтыя землі ў раённы фонд, а затым прадаць іх іншым фэрмэрам, — расказаў адзін з земляробаў. — У нас такое адбываецца кожны год».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG