Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы вайскоўцамі прэм’ер Судану вярнуўся ў рэзыдэнцыю


Пратэсты на вуліцах Хартума, 25 кастрычніка 2021
Пратэсты на вуліцах Хартума, 25 кастрычніка 2021

Затрыманага падчас вайсковага перавароту прэмʼер-міністра Судану Абдалу Хамдука напярэдадні вечарам вызвалілі, ён вярнуўся ў рэзыдэнцыю ў Хартуме.

Пра гэта паведаміла канцылярыя прэмʼера. Абдала Хамдук і яго жонка знаходзяцца пад узмоцненай аховай, гаворыцца ў паведамленьні.

Неўзабаве пасьля гэтага стала вядома, што дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паразмаўляў па тэлефоне з Хамдукам. Месцазнаходжаньне іншых затрыманых міністраў па-ранейшаму застаецца невядомым.
Раней за вызваленьне Хамдука выступаў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, а міжнародная «тройка» па Судане (ЗША, Вялікая Брытанія, Нарвэгія) заклікала вайскоўцаў вызваліць усё цывільнае кіраўніцтва краіны.

Прэмʼер-міністар Судану быў арыштаваны 25 кастрычніка. Празь некалькі гадзінаў пасьля арышту старшыня Сувэрэннай рады Судану генэрал Абдэль Фатах аль-Бурхан выступіў з заявай, у якой паведаміў аб роспуску рады, створанай пры ўдзеле вайскоўцаў і цывільных палітыкаў пасьля зьвяржэньня два гады таму аўтарытарнага прэзыдэнта Амара аль-Башыра. Ён таксама абʼявіў аб роспуску ўраду і адмене шэрагу артыкулаў пераходнай канстытуцыйнай дэклярацыі. Прычынай дзеяньняў вайскоўцаў аль-Бурхан назваў крызіс улады, зьвязаны з канфліктам паміж вайскоўцамі і цывільнымі чальцамі пераходнай рады.

Вайскоўцы ўвялі ў краіне надзвычайнае становішча. Пры гэтым суданскі вайсковы кіраўнік заявіў аб прыхільнасьці да вайскоўцаў пераходу да дэмакратыі і паабяцаў правесьці выбары ў 2023 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG