Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі заклікалі Эўразьвяз даць Беларусі 1 мільён бясплатных вакцын


Вакцынацыя, ілюстрацыйнае фота
Вакцынацыя, ілюстрацыйнае фота

Лідэры дэмакратычных сіл Беларусі накіравалі ліст кіраўнікам краін Эўразьвязу і арганізацыі COVAX з заклікам тэрмінова аказаць дапамогу Беларусі ў памеры мінімум 1 мільёну дозаў вакцын.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, чалец прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па палітвязьнях Тацяна Хоміч, кіраўнік Кабінэту прадстаўнікоў Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Фонду мэдычнай салідарнасьці Андрэй Ткачоў выступілі з сумесным зваротам.

«Яшчэ вясной мы працавалі з Эўракамісіяй і COVAX, каб прывезьці вакцыны ў Беларусь. Шукалі шляхі, як гэта зрабіць — праз ААН, рэлігійныя арганізацыі. Але тыя рашэньні засталіся нерэалізаванымі — і наступствы мы бачым цяпер. Сытуацыя працягвае пагаршацца. Таму беларусам трэба самім аб’яднаць намаганьні, каб прыняць дапамогу нашых суседзяў і міжнароднай супольнасьці», — адзначаецца ў заяве.

26 кастрычніка ад імя ўсіх дэмакратычных сіл накіраваны ліст кіраўніцтву Эўразьвязу і COVAX з заклікам аказаць дапамогу Беларусі ў памеры найменей 1 мільёну дозаў вакцын.

«Мы не падкідваем ідэю, а прапануем інструмэнт, які дапаможа мільёну беларусаў. Усё, што патрабуецца ад Міністэрства аховы здароўя, — пагадзіцца. Для нас пандэмія — не палітыка, гэта здароўе і жыцьці людзей. І зараз галоўная задача — паклапаціцца пра здароўе сваё і сваіх блізкіх, дапамагчы лекарам, якія паўтара года гераічна ваююць з пандэміяй. Таму насіце маскі. Прывівайцеся вакцынай, якая цяпер даступная. Пазьбягайце публічных месцаў. Заставайцеся дома, калі гэта магчыма. Вы патрэбныя сваім сем’ям, сваёй краіне», — падсумавалі ўдзельнікі відэазвароту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG