Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адкрылі мастацкую выставу да 425-х угодкаў царкоўнай Уніі. ФОТА


Мастачка зь Берасьця Ганна Цімашук намалявала партрэты знакавых постацяў грэка-каталіцкай царквы, якія служылі на Заходнім Палесьсі ў міжваенны час, паведаміла газэта «Царква».

Творы можна пабачыць у берасьцейскай грэка-каталіцкай царкве.

Выставу складаюць карціны з выявамі пяці сьвятыняў: у Альбярціне (Слонім), Бабровічах, Альпені, Таракані (цяпер вёска Імянін) і Гарадной, а таксама дзевяць партрэтаў сьвятароў:

  • айца Баляслава Пачопкі, які служыў у Бабровічах і Целяханах і быў адным з пачынальнікаў беларускага школьніцтва і рэлігійнага друку;
  • айца Вячаслава Аношкі, які служыў на Століншчыне ў Альпені, на Мярлінскіх хутарах (цяпер не існуюць) і ў Дзяляцічах;
  • архімандрыта Лява Гарошкі — царкоўнага гісторыка, выдаўца і публіцыста, які да эміграцыі служыў у Гарадной, Стоўпцах, Збуражы і Баранавічах;
  • духоўнага вучня грэка-каталіцкага экзарха-мучаніка Леаніда Фёдарава айца Даната Навіцкага з Таракані, якога таемна высьвецілі ў лягеры на Салаўках біскупам Менска-магілеўскім Баляславам Слосканам;
  • ксяндза Пятра Татарыновіча, стваральніка і шматгадовага працаўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, які ў міжваенны прапаведаваў у палескіх уніяцкіх парафіях;
  • хрысьціянскага пісьменьніка айца Язэпа Германовіча, вязьня ГУЛАГу;
  • архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, што загінуў у Бутырскай турме ў Маскве, які працаваў у духоўнай сэмінарыі ў Пінску і спрычыніўся да адбудовы зьнішчанага вайной будынка сэмінарыі;
  • айца Антона Неманцэвіча, які выдаваў часопіс «Да Злучэньня», быў зьвязаны з працай Усходняй місіі езуітаў у Альбярціне, стварыў Апостальства малітвы за Беларусь і загінуў падчас акупацыі ў турме службы бясьпекі райхсфюрэра (SD) у Менску;
  • першага пасьля 1839 году беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча, які стаў пераемнікам місіі беларускіх сьвятароў міжваеннага часу і працягнуў жыцьцё беларускай грэка-каталіцкай царквы да сёньняшняга дня.

Берасьцейская грэка-каталіцкая царква сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя месьціцца на вуліцы Дворнікава, 63.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG