Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Філіпенка на кніжным кірмашы ў Франкфурце выступіў пра «гуманітарную катастрофу» ў Беларусі


Пісьменьнік Саша Філіпенка

Пісьменьнік Саша Філіпенка выступіў у рамках Франкфурцкага кніжнага кірмашу з прамовай пра Беларусь.

Тэкст выступу ён пазьней апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook.
Выступ перад удзельнікамі форуму ён пачаў з напаміну, што ўжо больш за год у Беларусі працягваецца «гуманітарная катастрофа».

«У Беларусі не засталося незалежных СМІ і тэатраў, закрытыя ўсе грамадзкія арганізацыі, а за камэнтары ў інтэрнэце арыштоўваюць сотнямі. Пакуль я выступаю перад вамі, у турмах сядзіць амаль тысяча палітзняволеных, а пяты пакет санкцый дагэтуль „абмяркоўваецца і прапрацоўваецца“. У краіне працягваюцца палітычныя забойствы — мірных грамадзян забіваюць у іх уласных дамах, але міжнародны трыбунал расьсьледаваньняў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі так і не стартаваў», — зьвярнуўся Саша Філіпенка да міжнароднай супольнасьці.

Ён расказаў, што празь беларускія турмы прайшлі больш за 40 тысяч чалавек. Адно толькі трапляньне за краты — гэта ўжо катаваньне, але дэлегітымізацыі Лукашэнкі да гэтага часу не адбылося.

«Дыктатар фальсыфікуе выбары, разгортвае беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, а многія замежныя палітыкі і журналісты называюць яго „прэзыдэнтам“. Праз гэтага чалавека Беларусь ужо пакінулі амаль 400 000 тысяч чалавек. Аднак, выбіраючы паміж свабодай цэлай краіны і гандлем з дыктатарам, Эўропа выбірае другое, а Аўстрыя і Бэльгія просяць аслабіць санкцыі. Цяпер, выкарыстоўваючы замест снарадаў мігрантаў, Лукашэнка атакуе Эўропу людзьмі, якія бягуць ад бедаў у сваіх краінах. Я не прашу вас вырашыць іх праблемы ці праблему Беларусі. Але заклікаю больш актыўна выконваць хоць бы тое, што вы самі заяўляеце. І вельмі прашу перастаць ставіць коскі там, дзе даўно час паставіць кропку», — падсумаваў беларускі пісьменьнік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG