Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксею Навальнаму прысудзілі прэмію Сахарава


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, згодна з інфармаванымі крыніцамі Свабоды ў Эўрапейскім парлямэнце, атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» — галоўную ўзнагароду Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека.

Кандыдатуру Навальнага «за яго мужнасьць у барацьбе за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека» вылучылі найбуйнейшая фракцыя Эўрапарлямэнту — Эўрапейская народная партыя і трэцяя па ліку дэпутатаў фракцыя лібэралаў «Абнавіць Эўропу».

Палітыка яны назвалі «галоўным палітычным апанэнтам» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

  • 20 жніўня 2020 году Аляксея Навальнага шпіталізавалі ў Омску з борта самалёта, які рухаўся з Томску ў Маскву. Апазыцыянэра даставілі ў лякарню ў стане комы. Празь некалькі дзён, на патрабаваньне блізкіх, Навальнага перавезьлі на лячэньне ў Бэрлін. Тры эўрапейскія вайсковыя лябараторыі, у Нямеччыне, Францыі і Швэцыі, пазьней прыйшлі да высновы, што Аляксей Навальны быў атручаны баявым атрутным рэчывам «Навічок».
  • Аляксей Навальны ўпэўнены, што за замахам на яго стаіць асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. У Крамлі гэта катэгарычна адмаўляюць.
  • Навальнага не было ў Расеі больш за чатыры месяцы, пакуль ён лячыўся ў Нямеччыне, — на падставе гэтага Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў абвінаваціла яго ва ўхіленьні ад абавязкаў умоўна асуджанага ў справе «Іў Рашэ» і запатрабавала замяніць умоўны тэрмін на рэальны.
  • Навальны вярнуўся зь Нямеччыны ў Расею 17 студзеня 2021 году, яго затрымалі адразу на лётнішчы падчас праходжаньня пашпартнага кантролю.
  • 2 лютага суд адправіў Аляксея Навальнага ў калёнію на тры з паловай гады па крымінальнай справе «Іў Рашэ» васьмігадовай даўнасьці. У 2017 годзе Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што так званая справа «Іў Рашэ», па якой ён быў асуджаны, парушыла права Навальнага на справядлівы разбор. Яму была выплачана кампэнсацыя. Але Вярхоўны суд Расеі прызнаў прысуд законным і адмовіўся яго мяняць.
  • 31 сакавіка Навальны абвясьціў галадоўку, якую трымаў больш за тры тыдні. Ён патрабаваў дапусьціць да яго незалежных лекараў у сувязі са скаргамі на болі ў сьпіне. Пакараньне палітык адбывае ў папраўчай калёніі №2 у горадзе Пакроў ва Ўладзімірскай вобласьці.
  • Прэмію «За свабоду думкі», названую ў гонар савецкага фізыка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, Эўрапейскі Парлямэнт заснаваў у 1988 годзе. Яе прысуджаюць людзям або грамадзкім арганізацыям, якія вызначыліся ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Фінансавы складнік прэміі — 50 тысяч эўра.
  • Ляўрэата прэміі абірае прэзыдыюм Эўрапарлямэнту, у які ўваходзяць сьпікер і старшыні ўсіх сямі фракцыяў.
  • Летась прэміяй Сахарава ўганаравалі дэмакратычную апазыцыю Беларусі. У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе — беларускі палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG